Транзіт грузаў па БЧ за паўгады павялічыўся на 7,9%

15.07.2010 15:29
Архив Редакция

Беларуская чыгунка ў першым паўгоддзі ажыццявіла перавозку 65,8 млн. тон грузаў, што на 3,3% перавышае ўзровень аналагічнага перыяду мінулага года. Транзіт грузаў па БЧ у студзені-чэрвені вырас на 7,9% да ўзроўню аналагічнага перыяду 2009 года і склаў 23,1 млн. тон.

«Па выніках першага паўгоддзя назіраецца ўстойлівая дынаміка росту аб’ёмаў перавозкі грузаў па БЧ. Для параўнання, тэмп росту аб’ёму грузаў па беларускай магістралі за першае паўгоддзе склаў 102,4% да ўзроўню таго ж перыяду 2009 года. У тым ліку, увоз грузаў у краіну па чыгунцы дасягнуў 5,9 млн. тон, што на 4,3% больш, чым за той жа перыяд 2009 года. Вываз грузаў склаў 13,8 млн. тон (на 1,4% больш), транзіт — 23,1 млн. тон (на 7,9% больш)», — паведамляюць у БЧ.

Галоўным поспехам у сферы транзіту для беларускай магістралі ў студзені-чэрвені 2010 года, як паведамілі ў БЧ, сталася аднаўленне транзітнага грузапатоку з Расіі праз порты Калінінградскай вобласці. Аб’ёмы транзітных перавозак у гэтым напрамку дасягнулі 6,8 млн. тон або 145% да ўзроўню таго ж перыяду мінулага года.

Устойлівая станоўчая дынаміка аб’ёму транзіту назіраецца з пачатку 2010 года і ў спалучэнні Усход-Захад-Усход праз беларуска-польскія памежныя пераходы. У гэтым накірунку ў першым паўгоддзі 2010 года перавезена каля 5,8 млн. тон грузаў (больш за 5,2 млн. тон грузаў у напрамку Усход-Захад і 531 тыс.тонн грузаў у напрамку Захад-Усход) (148% да ўзроўню студзеня-чэрвеня 2009 года).

Устойлівая тэндэнцыя росту назіраецца ў сферы транзітных перавозак з Расіяй, уключаючы Калінінградскую вобласць (рост на 7,6%), Польшчай (на 26,8%), Літвой (на 10,4%), Эстоніяй (на 38,2%), Нямеччынай (у два разы), Чэхіяй (у 8 разоў).

У першым паўгоддзі 2010 года БЧ павялічыла аб’ёмы транзітных перавозак нафты і нафтапрадуктаў на 30,1% да ўзроўню студзеня-чэрвеня 2009 года, чорных металаў — на 86%, руды — амаль у сем разоў, аўтамабіляў — на 80,5%, хімікатаў і соды — на 12,5%.

Як паведамляе адміністрацыя БЧ, у ведамстве зацікаўлены ў далейшым павелічэнні транзіту грузаў, для чаго ствараюцца неабходныя ўмовы, спрашчаюцца мытныя працэдуры на памежных станцыях чыгункі, праводзіцца гнуткая тарыфная палітыка. У тым ліку, для найбольш значных грузаў БЧ прымяняе спецыяльна распрацаваныя паніжальныя каэфіцыенты і фіксаваныя стаўкі па канкрэтных маршрутах.