Трэці беларускі інвестыцыйны форум пройдзе ў Нямеччыне

07.09.2010 13:46
Архив Редакция

Трэці беларускі інвестыцыйны форум пройдзе 17 лістапада гэтага года ў Франкфурце-на-Майне. Беларускую дэлегацыю на форуме ўзначаліць прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі. У склад дэлегацыі ўвойдуць кіраўнікі міністэрстваў, ведамстваў, галіновых канцэрнаў, прадпрымальніцкіх саюзаў, вядучых прадпрыемстваў, паведамілі ў МЗС Беларусі.

На форуме будуць арганізаваны два паслядоўныя пленарныя пасяджэнні на тэмы: «Чаму выгадна інвеставаць у эканоміку Рэспублікі Беларусь?» і «Як інвеставаць у Рэспубліцы Беларусь?» і чатыры паралельныя секцыі ў фармаце подыюмнай дыскусіі.

Члены беларускага ўрада, кіраўнікі канцэрнаў абмяркуюць з інвестарамі структурныя эканамічныя рэформы, якія адбываюцца ў Беларусі. Асаблівы акцэнт беларуская дэлегацыя зробіць на нюансах палітыкі лібералізацыі, якая рэалізуецца ў краіне. Таксама ўдзельнікі інвестыцыйнага форуму плануюць расказаць аб магчымасцях інвеставання ў розныя галіны беларускай эканомікі, у тым ліку шляхам ўдзелу ў прыватызацыі, і пра перавагі працы ў Беларусі, якія адкрыліся пасля ўступлення краіны ў Мытны саюз.

Акрамя беларускіх удзельнікаў, на форуме выступяць прадстаўнікі замежных банкаў і кампаній, якія паспяхова працуюць у Беларусі і падзеляцца ўласным досведам, ацэнкамі беларускага бізнэс-асяроддзя.

Как вам новость?
Головоломки