Тур: да 2015 года малы і сярэдні бізнэс будзе ствараць трэць ВУП

20.10.2010 14:50
Архив Редакция

Да канца 2015 года ў Беларусі прадпрыемства малога і сярэдняга бізнэсу будуць вырабляць трэць ВУП. Аб гэтым заявіў 20 кастрычніка намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур. У той жа час намеснік міністра лічыць, што важным фактарам тут будзе не тое, колькі людзей будзе занята ў малым і сярэднім бізнэсе, а колькі іх бізнэс будзе даваць эканоміцы краіны.

Адным з найважнейшых паказчыкаў эфектыўнасці працы малога і сярэдняга бізнэсу, па словах Андрэя Тура, з’яўляецца тое, колькі прадпрымальнік вырабляе ў разліку на аднаго чалавека. «Калі мы ў сярэднім выйдзем у канцы пяцігодкі прыкладна на 50 тыс. даляраў на аднаго занятага ў эканоміцы, вытворчасці, калі малы і сярэдні бізнэс даб’ецца гэтага без павелічэння сваёй долі — гэта будзе вельмі добра. А калі ён даб’ецца гэтага яшчэ і пры павелічэнні сваёй долі, то будзе яшчэ лепш», — падкрэсліў намеснік кіраўніка мінэканомікі.

«Малы і сярэдні бізнэс — гэта складнік эканомікі ў цэлым», адзначыў Андрэй Тур. Па яго словах, у бліжэйшыя пяць гадоў дзяржава плануе павысіць даходы і заработную плату, наладзіць працу ўсіх суб’ектаў гаспадарання, як дзяржаўных, так і не дзяржаўных, на тое, каб як мага больш вырабіць дабаўленай вартасці.

«Той вектар у прыватным прадпрымальніцтве, які мы абралі і цяпер рэалізуем, рэальны ў тым плане, што мы ставім задачу да канца 2015 года мець траціну ў ВУП ад малога і сярэдняга бізнэсу», — падкрэсліў намеснік міністра.

Андрэй Тур таксама паведаміў, што дакумент аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве будзе распрацаваны да 31 снежня 2010 года.

Па словах намесніка міністра, дакумент вызначыць ўмовы ўзаемадзеяння дзяржавы з прыватным бізнэсам, умовы стымулявання бізнэсу, а таксама ролю дзяржавы ў гэтых працэсах, а праца над яго праектам будзе скончана прыкладна праз месяц. Пасля гэтага дакумент можа паступіць у вольны доступ для далейшага абмеркавання.

Как вам новость?