Тур: у 2010 годзе плануецца прыцягнуць 5,6 млрд. даляраў інвестыцый

30.04.2010 15:55
Архив Редакция

Беларусь у 2010 годзе плануе прыцягнуць пад рэалізацыю інвестыцыйных праектаў 5,6 млрд. даляраў замежных інвестыцый, у тым ліку 2,8 млрд. даляраў — у асноўны капітал. Пра гэта паведаміў намеснік міністра эканомікі Беларусі Андрэй Тур. "Для рэалізацыі задачаў па прыцягненні замежных інвестыцый у краіне прыняты шэраг рашэнняў", — адзначыў намеснік кіраўніка мінэканомікі.

Па словах Андрэя Тура, быў сфармаваны спіс інвестыцыйных праектаў пад замежныя ўкладанні, органам дзяржкіравання былі даведзены адпаведныя паказчыкі.

Кажучы пра сітуацыю з інвестыцыямі ў асноўны капітал, Андрэй Тур падкрэсліў, што «традыцыйна гэты параметр у Беларусі быў высокім (за чатыры папярэдніх гады Беларусь датэрмінова забяспечыла пяцігадовы рост інвестыцый), аднак сёлета сітуацыя ўскладнілася, адбілася ўздзеянне фінансавага крызісу, што зменшыла інвестыцыйныя магчымасці прадпрыемстваў і арганізацый».

«У гэтай сітуацыі мінэканомікі ў якасці стратэгічнага выйсця бачыць неабходнасць прыросту замежных інвестыцый, — сказаў Андрэй Тур. — Рух у гэтым напрамку ёсць. Так, за першы квартал бягучага года аб’ём замежных інвестыцый у Беларусь у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года павялічыўся ў 1,4 разы. Іх доля ў агульным аб’ёме інвестыцый таксама ўзрасла (да 6,7%)».

«Новыя падыходы ўжываюцца і ў развіцці інвестыцыйных працэсаў. Гаворка ідзе пра стварэнне больш спрыяльных умоваў для патэнцыйных інвестараў, якія займаюцца новымі тэхналагічнымі кірункамі», — цытуе БелТА словы намміністра.

Па словах намесніка кіраўніка мінэканомікі, на паляпшэнне інвестыцыйнага клімату ў Беларусі накіравана і ўдасканаленне інвестыцыйнага заканадаўства. «У наш час ідзе праца над новай рэдакцыяй Інвестыцыйнага кодэкса Беларусі з прыцягненнем кансультацый спецыялістаў Сусветнага банка, МФК. Прынята пастанова ўрада па стварэнні больш выразнай сістэмы прахаджэння інвестыцыйных дакументаў у дзяржорганах, якое дазволіць прадухіліць цяганіну і неарганізаванасць асобных чыноўнікаў», — нагадаў Андрэй Тур.

У якасці прыкладу сур’ёзных напрацовак у галіне прыцягнення замежных інвестыцый Андрэй Тур назваў стварэнне італьянскай прамысловай акругі ў Брэсцкай вобласці. Прадстаўнік міністэрства таксама нагадаў, што Кітай прапанаваў Беларусі дапамогу ў аб’ёме 15 млрд. даляраў пад рэалізацыю інвестпраектаў.

Тур: беларускія НПЗ будуць перапрацоўваць нафту з Венесуэлы дадаткова да расійскай

Беларускія НПЗ будуць перапрацоўваць нафту з Венесуэлы дадаткова да расійскай, сказаў намеснік кіраўніка мінэканомікі, дадаўшы, што гаворка ідзе пра чатыры мільёны тон. Андрэй Тур нагадаў, што на гэты год прадугледжана паставіць 21,5 млн. тон расійскай нафты, у тым ліку 6,3 млн. тон без спагнання мытнай пошліны, астатняя нафта абкладаецца поўнай мытнай пошлінай.

«Аднак для забеспячэння бясстратнай працы НПЗ аптымальная загрузка магутнасцяў беларускіх заводаў павінна складаць 15,8 млн. тон, — падкрэсліў Андрэй Тур. — Гэта 6,3 млн. тон бяспошліннай расійскай нафты, 1,7 млн. тон беларускай нафты і 7,8 млн. тон расійскай нафты з пошлінай. Беларусь дадаткова да гэтай нафты плануе перапрацаваць чатыры мільёны тон венесуэльскай нафты».

Па словах намесніка міністра, усяго ў першым квартале гэтага года на беларускіх заводах перапрацавана 3,65 млн. тон нафты. «Загрузка НПЗ у студзені-сакавіку забяспечана на ўзроўні 65,9%, за гэты час забяспечана запатрабаванне ўнутранага рынку Беларусі ў нафтапрадуктах. Пры гэтым адгрузка нафтапрадуктаў у студзені-сакавіку бягучага года да ўзроўню аналагічнага перыяду 2009 года па бензіне склала 108,5%, па дызельным паліве — 122%», — паведаміў намеснік кіраўніка мінэканомікі.

«Забяспечана назапашванне неабходных аб’ёмаў нафтапрадуктаў для правядзення пасяўной кампаніі», — падкрэсліў Андрэй Тур, дадаўшы, што ў цэлым сітуацый цяпер можна кіраваць.

Как вам новость?