У 2010 годзе ў Беларусі плануецца прыватызаваць 118 дзяржпрадпрыемстваў

09.09.2010 09:52
Архив Редакция

У Дзяржаўным камітэце па маёмасці паведамілі, што да канца года ў Беларусі плануецца пераўтварыць у адкрытыя акцыянерныя таварыствы 118 дзяржаўных прадпрыемстваў. Першапачаткова ў плане па прыватызацыі на 2010 год, складзеным ва ўрадзе, знаходзілася 133 прадпрыемстваў, аднак пасля спіс скарацілі.

Па стане на 1 ліпеня 2010 года працы па прыватызацыі праводзяцца на 118 прадпрыемствах, створаны і працуюць камісіі па пераўтварэнні, праведзена інвентарызацыя дзяржаўнай маёмасці, праведзены (пачатыя) рэвізіі фінансава-гаспадарчай дзейнасці і праверкі правільнасці вылічэння паўнаты і своечасовасці выплаты падаткаў і непадатковых плацяжоў, распавялі у Дзяржкаммаёмасці.

У выніку прыняцця ўказу прэзідэнта праведзены комплекс працаў па пераўтварэнні ў адкрытае акцыянернае таварыства РУП «Вытворчае аб’яднанне «Беларуськалі» і яго даччыных прадпрыемстваў «Міла-Стыль», «Стаматалагічны цэнтр «Эстэтыка».

Акрамя правядзення працаў па стварэнні адкрытых акцыянерных таварыстваў у другім квартале 2010 года была арганізавана праца па продажы двух прадпрыемстваў як маёмасных комплексаў: філіяла РУП «Магілёўэнерга» Бабруйскі завод драўнінавалакністых плітаў і рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Гасцінічны комплекс «Спорт». Аднак прызначаныя аўкцыёны не адбыліся праз адсутнасць заяў на ўдзел у аўкцыёнах.

У адпаведнасці з планамі прыватызацыі камунальных аб’ектаў на 2010 год з улікам унесеных карэктовак рашэннямі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, належыць прыватызаваць 214 прадпрыемстваў, у тым ліку: у Берасцейскай вобласці — 9, Віцебскай — 34, Гомельскай — 53, Гарадзенскай — 39, у Мінску — 13, Мінскай вобласці — 38, Магілёўскай — 28.

Па стане на 1 ліпеня 2010 года пераўтвораны ў ААТ тры прадпрыемствы камунальнай уласнасці: КУП «Застарынскае» (Берасцейская вобласць), КУСГП ім. Смірнова (Віцебская вобласць), КСУП «Бумажкова» (Гомельская вобласць).

Как вам новость?
Головоломки