У 2010 годзе ў Беларусі зафіксавана 38 выпадкаў ілжэмінавання

19.08.2010 15:31
Архив Редакция

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі выказвае занепакоенасць пачашчэннем выпадкаў ілжэмінавання. Як паведамілі ў МУС, у 2010 годзе зафіксавана ўжо 38 такіх фактаў. Гэта на 11 выпадкаў больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.

Апошні выпадак «тэлефоннага тэрору» быў зафіксаваны 17 жніўня, паведаміў начальнік упраўлення аператыўна-дзяжурнай службы МУС Мікалай Кудзінаў. Па тэлефоне «102» паступіла паведамленне аб закладзенай выбухной прыладзе ў будынку агракамбіната «Ждановічы». З будынка ў экстраным парадку эвакуявалі 22 супрцоўнікі прадпрыемства. Пасля праверкі будынка інфармацыя аб мінаванні не пацвердзілася.

Пазней следчыя высветлілі, што ў міліцыю тэлефанаваў 33-гадовы псіхічна хворы чалавек, які знаходзіўся на лячэнні ў рэспубліканскай навуковай клінічнай псіхіятрычнай лякарні «Навінкі».

«У большасці сваёй «жартаўнікоў» мы знаходзім. Раскрывальнасць такіх злачынстваў — гэта пытанне часу. Міліцыя выпрацавала эфектыўныя спосабы барацьбы з такімі правапарушэннямі», — адзначыў Мікалай Кудзінаў.

Дзеянні тэлефонных тэрарыстаў паводле беларускага заканадаўства класіфікуюцца як загадзя ілжывае паведамленне аб небяспецы. Гэта пагражае правапарушальніку пакараннем ад штрафу да сямі гадоў пазбаўлення волі.

Больш за ўсё ананімных паведамленняў аб ілжывым мінаванні зафіксавана ў Мінску — 13 выпадкаў. Як раней паведамляў Тэлеграф, за адзін толькі бягучы месяц у сталічныя праваахоўныя органы паступіла некалькі паведамленняў аб мінаванні будынкаў. Так, 8 жніўня праз такое ілжывае паведамленне давялося тэрмінова эвакуяваць наведнікаў і ўвесь персанал Мінскага заапарку.

Двума днямі пазней, 10 жніўня, праз паведамленне аб закладзенай у электрацягніку Маладзечна-Мінск выбухной прыладзе эвакуявалі 100 пасажыраў. А 14 жніўня каля 06:00 праз ілжывае паведамленне аб мінаванні міліцыя была вымушаная ў спешным парадку эвакуяваць усіх наведнікаў сталічнага чыгуначнага вакзалу.

Как вам новость?
Головоломки