У 2010 годзе мінчукі плацілі за прадукты на 9% больш

18.01.2011 16:01
Архив Редакция

Цэны на харчовыя тавары ў 2010 годзе ў сталіцы Беларусі павялічыліся на 9,2% у параўнанні з 2009 годам. Паводле звестак галоўнага статыстычнага ўпраўлення горада, цукар падаражэў на 29,5%, масла - на 26,2%, алей - на 25,4%, шакалад - на 23,1%, безалкагольныя напоі - на 15,9%, маянэз - на 12,4%, гарбата - на 11,8%, кандытарскія вырабы - на 11,6%.

Акрамя таго, кошты на яйкі падняліся на 11,2%, алкагольныя напоі — на 10,3%, малако і малочныя прадукты — на 9,8%, сыры — на 9,1%. Рост коштаў на мяса і мясапрадукты быў менш значным — на 5,6%, хлеб і хлебабулачныя вырабы — на 5,4%, каўбасныя вырабы і вэнджаніна — на 5,3%, гароднінныя і рыбныя кансервы — на 4,8% і 4,5% адпаведна. Такія дадзеныя прыводзіць Белстат.

Аднак, некаторыя цэны за названы перыяд знізіліся. Так, макаронныя вырабы патаннелі на 8,3%, рыба марожаная (трасковых і скумбрыевых) — на 2,6%, мука пшанічная — на 1,8%.

За апошні год бульба стала даражэйшай на 36,7%, астатняя гародніна — на 18,7%. Так, цэны на часнык падняліся ў 1,9 разв, цыбулю — на 43,4%, капусту белакачанную свежую — на 38,5%, моркву — на 26,3%, буракі — на 23,5%, перац салодкі — на 15,9%, агуркі і памідоры свежыя — на 12,5% і 8,4% адпаведна.

Кошты на садавіну павялічыліся на 6,3%, з іх на цытрусавыя — на 17,9%, бананы — на 12,2%, сухафрукты — на 10,4%, вінаград — на 3,2%. Яблыкі ж сталі таннейшымі на 5,5%.

Нехарчовыя тавары ў 2010 годзе, калі параўноўваць з 2009 годам, у сталіцы падаражэлі на 7,2%. Так, кошты на бензін падняліся на 20,4%, шпалеры — на 16,3%, канцылярскія прылады — на 13,4%, парфумерна-касметычныя тавары — на 11,7%, медыкаменты — на 10,2%, панчошна- шкарпэткавыя вырабы — на 10,1%, тканіны — на 9,7%, друкаваныя выданні — на 7,5%, посуд — на 5,9%, адзенне — на 4,9%, ровары і матацыклы — на 4,7 %, ювелірныя вырабы — на 4,5%, тэлевізары — на 3,9%.

Платныя паслугі ў Мінску сталі даражэйшымі на 5,5%. Бытавыя паслугі — на 15,4%, санаторна-аздараўленчыя — на 14,5%, паслугі дашкольных установаў — на 10,1%, фізкультуры і спорту — на 9,6%, пасажырскага транспарту — на 9,5%, вышэйшай адукацыі — на 8,8%, арганізацый культуры — на 3,8%, сувязі — на 3%, жыллёва-камунальнай гаспадаркі — на 1,9%, турыстычныя і экскурсійныя — на 1,7%, медыцынскія — на 1,5 %.

Цэны на прадпрыемствах грамадскага харчавання ў 2010 годзе да ўзроўню 2009 года павялічыліся на 10%.