У 2011 годзе ваганні курсу рубля складуць плюс-мінус 8%

31.08.2010 11:56
Архив Редакция

Змены курсу беларускага рубля да кошыка замежных валют у 2011 годзе магчымыя ў межах плюс-мінус 8%. Такі калідор прадугледжвае праект Асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі на 2011 год, прадстаўлены на нарадзе ў прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі 27 жніўня.

У 2011 годзе інфляцыя ў Беларусі прагназуецца на ўзроўні 7-8%. Стаўка рэфінансавання Нацыянальнага банка на канец 2011 года павінна скласці 8-10%. Стаўкі па новых крэдытах нефінансавага сектару — 10-13%, перадае газета «Белорусы и рынок».

Прырост патрабаванняў банкаў да эканомікі прагназуецца на ўзроўні 32-35%. Прырост актываў банкаў запланаваны на ўзроўні 27-30%.

ВУП Беларусі, як чакаецца, вырасце ў меншай ступені — на 9-10%. Нарматыўны капітал банкаў павінен павялічыцца на 15-21%.

Пры гэтым чакаецца, што золатавалютныя рэзервы Беларусі ў 2011 годзе ўзрастуць не менш чым на 1,2 млрд. даляраў.

На 2011 год запланаваны шэраг рэформаў у сферы падаткаабкладання. Так, плануецца цалкам адмяніць мясцовы збор на развіццё тэрыторыяў, мясцовы падатак на паслугі, тры плацяжы ў складзе экалагічнага падатку.

Акрамя таго, з 2011 года плануецца па падатку на прыбытак перайсці на падачу падатковай дэкларацыі адзін раз на год з штоквартальнай выплатай падатку. Будуць цалкам адменены «авансавыя» плацяжы па ПДВ і акцызах. Пры гэтым тэрміны выплаты ПДВ — месяц ці квартал — плацельшчык будзе вызначаць самастойна, без прывязкі да памеру выручкі, як гэта адбываецца сёння. У выніку колькасць плацяжоў па ПДВ скароціцца з 72 да 4-12 на год.

Для актывізацыі інвестыцыйнага і інавацыйнага развіцця распрацоўшчыкі праекту прапануюць удасканаліць механізмы спагнання падатку на прыбытак і ПДВ. Прыбытак, які накіроўваецца на капітальныя ўкладанні, будзе вызваляцца ад падаткаабкладання па факце ажыццяўлення інвестыцыяў без увязкі з выкарыстаннем амартызацыйнага фонду, як гэта адбываецца цяпер. Акрамя гэтага, плацельшчыкам будзе дадзена права прыняцця без абмежаванняў да выліку ўваходнага ПДВ, выплачанага пры ажыццяўленні капітальных укладанняў.

Как вам новость?
Головоломки