У Адэсе затрымалі забойцу, які ўцёк з Беларусі

30.07.2010 10:54
Архив Редакция

Ва ўкраінскім горадзе Адэсе мясцовая міліцыя затрымала 20-гадовага беларуса, абвешчанага ў міждзяржаўны вышук УУС Гарадзенскага аблвыканкама за здзяйсненне жорсткага забойства 23-гадовай дзяўчыны ў лясным масіве ўрочышча Казіныя Горы Ваўкавыскага раёна, паведамілі ў міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі.

17 чэрвеня 2010 года бацькі дзяўчыны падалі ў Ваўкавыскі РАУС паведамленне аб яе знікненні. 18 чэрвеня цела зніклай знайшлі ў рацэ Рось з палімерным мяшком на галаве, абматаным металічным ланцугом.

У ходзе аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў аператыўнікі дакладна ўстанавілі, што злачынства здзейсніў 20-гадовы мясцовы жыхар, якога раней судзілі за маёмасныя злачынствы. Пры ператрусе на лецішчы ягонага бацькі ва ўрочышчы Казіныя Горы сышчыкі знайшлі на гарышчы асабістыя рэчы дзяўчыны, а таксама каля дома вазок для ровара, запэцканы рэчывам бурага колеру.

Следчыя выявілі, што 19 чэрвеня падазраваны праз пункт пропуску «Макраны» Маларыцкага раёна Берасцейскай вобласці выехаў ва Украіну, дзе на тэрыторыі Валынскай вобласці прадаў мясцоваму жыхару за 50 грыўняў мабільны тэлефон забітай дзяўчыны. Далей сляды злачынца губляліся.

Падазраванага адразу ж абвясцілі ў рэспубліканскі і міждзяржаўны вышук. Беларускія праваахоўнікі перадалі сваім украінскім калегам усе неабходныя звесткі аб злачынцу з мэтай мінімізаваць магчымасць здзяйснення ім падобных злачынстваў. У выніку комплексу аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў супрацоўнікі Камінтэрнаўскага РА ДУМУС Украіны ў Адэскай вобласці затрымалі зламысніка ў Адэсе. У цяперашні час вырашаецца пытанне аб яго экстрадыцыі ў Беларусь.

Как вам новость?
Головоломки