У Адэсу прыбыў шосты танкер з венесуэльскай нафтай

02.08.2010 09:39
Архив Редакция

Шосты танкер больш чым з 77,5 тыс. тон венесуэльскай нафты для Беларусі прыбыў вечарам 31 ліпеня ў Адэскі порт, а вечарам 1 жніўня сыравіну пачалі разгружаць. Чакаецца, што разгрузка танкера зойме каля двух дзён, пасля чаго «чорнае золата» па ўжо адпрацаваным чыгуначным маршруце даставяць на Мазырскі НПЗ.

Акрамя таго, як паведаміў дзяжурны дыспетчар порта, у Адэсе чакаюць прыбыцця чарговага танкера з венесуэльскай нафтай для Беларусі 10 жніўня, перадае БелаПАН.

Тым часам венесуэльская нафта для Беларусі ўжо пачала паступаць на ААТ «Нафтан» праз эстонскі порт Мууга. Генеральны дырэктар прадпрыемства Вячаслаў Якушаў распавёў 31 ліпеня, што «Нафтан» плануе перапрацаваць ў жніўні 160 тыс. тон венесуэльскай нафты і павялічыць яе перапрацоўку ў далейшым да 240 тыс. тон на месяц, перадае БелТА.

«Нафтан» правёў комплекс падрыхтоўчых прац для прыёмкі нафты ў такіх аб’ёмах, і ў найбліжэйшыя дні пачне ўцягваць ў перапрацоўку венесуэльскую нафту, паведаміў кіраўнік прадпрыемства.

Як адзначыў гендырэктар, у сувязі са змененамі ў пастаўках нафты з Расіі ў першым квартале прадпрыемствы адчувалі цяжкасці, аднак да канца першага паўгоддзя сітуацыя стабілізавалася, а пастаўкі венесуэльскай нафты дазволяць умацаваць фінансава-эканамічнае становішча «Нафтана».

Паводле дамовы з Венесуэлай да красавіка 2011 года Беларусь павінна імпартаваць з гэтай краіны чатыры мільёны тон нафты, а ў выніку аб’ём закупак павінен вырасці да дзесяці мільёнаў тон на год.

Как вам новость?
Головоломки