У апошнія дні чэрвеня ў тры разы павялічыўся ўвоз аўтамабіляў у Беларусь

29.06.2011 12:38
Архив Редакция

Паводле статыстыкі Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі, за апошнія дні чэрвеня ў параўнанні з траўнем у два-тры разы павялічыўся ўвоз аўтамабіляў фізічнымі асобамі ў Беларусь. Як растлумачыў начальнік упраўлення арганізацыі мытнага кантролю ДМК Уладзімір Арлоўскі, гэта звязана з тым, што з 1 ліпеня павышаюцца стаўкі пошліны на аўтамабілі, які ўвозяцца ў Беларусь.

«У пунктах пропуску наладжана ўзаемадзеянне з мытнымі і пагранічнымі службамі сумежных дзяржаў па пазачарговым афармленні транспартных сродкаў, што ўвозяцца фізічнымі асобамі», — паведаміў Уладзімір Арлоўскі.

Як растлумачылі ў ДМК, у цяперашні час ва ўнутраных пунктах мытнага афармлення павялічылі час працы супрацоўнікаў, а некаторыя з іх (у Берасці, Горадні, Ашмянах і Віцебску) з 27 чэрвеня перакведзены на кругласуткавы рэжым працы. 30 чэрвеня ўсе пункты мытнага афармлення будуць працаваць да 24:00, перадае БелТА.

Начальнік упраўлення арганізацыі мытнага кантролю ДМК паведаміў, што 30 чэрвеня будзе прадастаўлена максімальная колькасць месцаў для размяшчэння ўвезеных аўто. У выпадку неабходнасці ў апошнія гадзіны працы 30 чэрвеня ў пунктах пропуску могуць часова прыпыніць пропуск іншых транспартных сродкаў, у першую чаргу грузавых аўтамабіляў.

Як перадаваў Тэлеграф, з 1 ліпеня 2011 года ў Беларусі будуць дзейнічаць адзіныя для Мытнага саюза стаўкі мытных пошлін і падаткаў на ўвоз аўтамабіляў фізічнымі асобамі. За аснову такіх пошлін і ставак былі прыняты дзейныя ў цяперашні час у Расіі мытныя пошліны і падаткі. На думку экспертаў, яны ў чатыры і больш разоў перавышаюць стаўкі мытных пошлін на ўвоз аўтамабіляў, якія дзейнічаюць у цяперашні час у Беларусі.

Між тым, у ДМК растлумачылі, што размытнены па старых пошлінах аўтамабіль не абавязкова ставіць на ўлік у ДАІ да 1 ліпеня. Стаўкі растаможкі не маюць дачынення да ДАІ, а разлічваюцца на дзень рэгістрацыі мытнай дэкларацыі мытным органам.

Как вам новость?