У апошнім слове Аўтуховіч не прызнаў сваёй віны

20.04.2010 17:07
Архив Редакция

Мікалай Аўтуховіч, які абвінавачваецца па справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў, выступіў 20 красавіка ў судзе з апошнім словам, у якім не прызнаў сваёй віны. Як паведаміў прысутны на працэсе праваабаронца Вячаслаў Сіўчык, Аўтуховіч выступаў дзве гадзіны, нягледзячы на тое, што суддзя некалькі разоў спрабаваў яго перапыніць.

«Ён вельмі падрабязна спыніўся на фактах карупцыі ў Гарадзенскай вобласці», — паведаміў Сіўчык. Аўтуховіч заявіў, гэты працэс — працяг яго пераследу, які пачаўся яшчэ ў 2003 годзе, і ў яго пераследзе зацікаўлены вельмі высокія чыноўнікі, перадае БелаПАН.

З апошнім словам 20 красавіка таксама выступіў Міхаіл Казлоў. «Ягоны выступ быў больш юрыдычна аформлены. Ён канкрэтна назваў артыкулы Крымінальнага кодэксу, які парушыла следства пры расследаванні справы. Пры гэтым Казлоў высока ацаніў дзеянні пракурора Эльдара Сафарова. Ён працытаваў следчага Клачко, які казаў яму, што, калі ён спыніць крымінальную справу ў дачыненні да Аўтуховіча і Асіпенкі, то яго «не зразумеюць», — расказаў праваабаронца.

Як раней паведамляў Тэлеграф, Мікалая Аўтуховіча, Уладзіміра Асіпенку і Аляксандра Ларына вінавацяць у падрыхтоўцы тэрарыстычнага акту ў дачыненні да намесніка міністра па падатках і зборах Беларусі Васіля Каменка і былога губернатара Гарадзенскай вобласці Ўладзіміра Саўченкі. Ваўкавыскіх прадпрымальнікаў таксама абвінавачваюць у арганізацыі падпалу дома былога начальніка Ваўкавыскага РАУС Віталя Кацубы ў 2004 годзе. Усе фрагменты справы датычаць перыяду 2004-2005 гадоў.

Міхаіл Казлоў, падпалкоўнік міліцыі, былы кіраўнік УБАЗ па Гарадзенскай вобласці, абвінавачваецца ў тым, што ведаў пра планы падрыхтоўкі тэрарыстычнага акту, але не зрабіў аніякіх захадаў па яго прадухіленні.

Как вам новость?