У Бабруйску дэмантуюць чарговы бюст Леніну

03.11.2010 16:40
Архив Редакция

У Бабруйску Магілёўскай вобласці ўлады прынялі рашэнне дэмантаваць бюст Уладзіміру Леніну, усталяваны каля ўваходу ў філіял Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. На рэстаўрацыю бюста ў мясцовым бюджэце не хапае сродкаў. Акрамя таго, на думку уладаў, ён не ўяўляе мастацкай каштоўнасці, паведамілі ў аддзеле ідэалагічнай працы Ленінскага раёна Бабруйску.

Раней каля будынка, дзе цяпер размешчаны філіял БДЭУ, размяшчаўся гарнізонны Дом афіцэраў, абавязковым атрыбутам якога быў бюст правадыру сусветнага пралетарыяту. Зараз жа з бюста абсыпаецца тынкоўка і фарба. «Камісіяй прызнана, што ён ужо не падлягае рэстаўрацыі. Дадзена заданне знесці яго. Для рэстаўрацыі трэба шмат грошай. У нас дастаткова такіх бюстаў і помнікаў у горадзе», — адзначылі ў раённым аддзеле ідэалагічнай працы Бабруйску.

Аб тым, што бюст больш не ўяўляе гістарычнай каштоўнасці для горада, давялі да ведама камісіі ў аддзеле архітэктуры гарвыканкама. «Гэта тыпавое рашэнне, якое не ўяўляе якой-небудзь гістарычнай каштоўнасці. У савецкія часы гэта тыпавое рашэнне было папулярным чамусьці ў ваенных», — растлумачыў начальнік аддзелу архітэктуры горада Сяргей Лявонаў.

Улады пакуль не называюць канкрэтных тэрмінаў дэмантажу, бо на гэта неабходныя значныя тэхнічныя сродкі, якіх у распараджэнні мясцовай адміністрацыі няма, перадае БелаПАН.

«Гэта ж не тое, што ўзяў і зняў яго акуратна. Гэта ж патрэбныя нейкія краны, трактары, пагрузчыкі. І зноў жа, як яго здымаць — не накінеш жа яму вяроўку на шыю і не паднімеш», — распавёў прадстаўнік адміністрацыі філіялу БДЭУ.

Усяго ж у Бабруйску 12 помнікаў Уладзіміру Леніну. За апошнія дзесяць гадоў іх стала амаль удвая менш, паведаміў прадстаўнік мясцовай улады Алесь Чыгір. «Некаторыя проста прыходзяць у заняпад. Некаторыя прыбіраюць адмыслова. Вось помнік, які знаходзіўся насупраць адміністрацыі Ленінскага раёна, прыбралі, таму што стаяў насупраць царквы. Самага галоўнага Леніна апусцілі падчас «Дажынак» да зямлі, на 2-2,5 метры. Цяпер ён глядзіцца на плошчы досыць пагрозліва. Ён адзіны, якога ахоўвае дзяржава», — распавёў Алесь Чыгір.

Как вам новость?
Головоломки