У Бабруйску падпалкоўніка і прапаршчыка злавілі на буйным крадзяжы

09.07.2010 11:25
Архив Редакция

У Бабруйску міжгарнізонны вайсковы суд прысудзіў двух вайскоўцаў да пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці за крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. Абодва пазбаўлены воінскага звання і права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых абавязкаў, тэрмінам на тры гады, паведамілі ў Генеральнай пракуратуры Беларусі.

Падпалкоўніка Ч. вайсковы суд прысудзіў да чатырох гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці, старшага прапаршчыка Г. — да чатырох гадоў абмежавання волі з канфіскацыяй маёмасці.

Падчас папярэдняга следства было ўстаноўлена, што яны, з’яўляючыся службовымі асобамі, выкралі няўлічаны алюмініевы рэзервуар, трубы, а таксама ламачча чорнага і каляровага металу. Для гэтага зламыснікі дасталі заглыблены на тэрыторыі вайсковай часткі рэзервуар, 84 трубы і падзялілі іх на фрагменты, якія затым вывезлі разам з ламаччам чорнага і каляровага металу. Сума выкрадзенае маёмасці склала больш як 20 млн. рублёў. У ходзе следства вінаватыя цалкам пакрылі прычыненую шкоду.

Гомельскі міжгарнізонны ваенны пракурор унёс прадстаўленне камандзіру вайсковай часткі аб ліквідацыі прычынаў і ўмоваў, якія садзейнічалі здзяйсненню злачынства. У ім прапанаваны канкрэтныя меры па недапушчэнні надалей падобных злачынстваў.

Как вам новость?