У Беларусі 13% прадпрыемстваў стратныя

16.11.2010 15:37
Архив Редакция

Чыстую страту за студзень-верасень 2010 года атрымалі 263 прамысловыя прадпрыемствы Беларусі, або 13,2% ад агульнай колькасці прадпрыемстваў, якія ўлічваюцца ў бягучым парадку. Пра гэта паведамілі ў Нацыянальным статыстычным камітэце. Сума іх страты склала 495,9 млрд. рублёў (165,3 млн. даляраў), што, аднак, на 33,7% менш, чым за аналагічны перыяд 2009 года.

Найбольшыя страты мелі прадпрыемства электраэнергетыкі (119,6 млрд. рублёў — 39,9 млн. даляраў), машынабудавання і металаапрацоўкі (108,6 млрд. рублёў — 36,2 млн. даляраў), харчовай прамысловасці (57,1 млрд. рублёў — 19 млн. даляраў), прамысловасці будаўнічых матэрыялаў (54,2 млрд. рублёў — 18 млн. даляраў), лёгкай прамысловасці (47,8 млрд. рублёў — 15,9 млн. даляраў), перадае АФН.

Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі прамысловых прадпрыемстваў за студзень-верасень 2010 года склала 10% (за студзень-верасень 2009 года — 10,1%), рэнтабельнасць продажаў — 7,6% (за студзень-верасень 2009 года — 7,5%).

Найбольшую рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі мелі прадпрыемствы медыцынскай прамысловасці (28,9%), горнашахтавага і горнаруднага машынабудавання (27,7%), хімічнай прамысловасці (22,3%), пад’ёмна-транспартнага машынабудавання (20,6%), гарбарнай, футравай, абутковай прамысловасці і каляровай металургіі (па 20,1%), прыборабудавання (17,5%), трактарнага і сельскагаспадарчага машынабудавання (15,1%), харчасмакавай прамысловасці (14,9%), паліграфічнай прамысловасці (13,9%).

Найменшая рэнтабельнасць была ў электраэнергетыцы (0,5%), падшыпнікавай прамысловасці (1,6%), лесанарыхтоўчай (2,2%), нафтахімічнай (2,5%), шкляной і фарфора-фаянсавай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці (па 3,2%), чыгуначным машынабудаванні (4,1%), тарфяной прамысловасці (4,9%), прамысловасці будаўнічых матэрыялаў (5%), мукамольна-крупяной і камбікормавай прамысловасці (5,5%).

Пры гэтым рэалізацыя ў мікрабіялагічнай прамысловасці была стратнай (мінус 18,7%).

Как вам новость?
Головоломки