У Беларусі ў 2010 годзе з'явяцца два буйныя тэхнапаркі

02.08.2010 14:13
Архив Редакция

У Беларусі ў 2010 годзе павінны адкрыцца два буйныя тэхнапаркі: парк перадавых тэхналогіяў у галіне мікраэлектронікі і навукова-тэхналагічны парк у сферы біятэхналогіяў. Пра гэта паведаміў старшыня Дзяржаўнага камітэту па навуцы і тэхналогіях Беларусі Ігар Войтаў на пасяджэнні працоўнай камісіі па навукова-тэхнічным супрацоўніцтве паміж Беларуссю і кітайскай правінцыяй Шаньдун.

Кіраўнік ДКНТ адзначыў, што развіццё інавацыйнай інфраструктуры ў Беларусі ідзе згодна з дзяржаўнай праграмай інавацыйнага развіцця. Дзеянне дадзенага дакументу заканчваецца ў гэтым годзе. Па праграме ў Беларусі створана больш за 10 тыс. высокатэхналагічных працоўных месцаў, сфармаваныя новыя вытворчасці, рэканструяваны многія ўжо дзейныя прадпрыемствы, паведамілі ў ДКНТ.

«На наступную пяцігодку мы ставім яшчэ больш амбітныя задачы», — дадаў старшыня камітэту. У прыватнасці, плануецца стварэнне новых высокатэхналагічных вытворчасцяў, чакаецца рост аб’ёму экспарту высокатэхналагічных тавараў. Долю інавацыйнай прадукцыі мяркуецца павялічыць да 40% у агульным аб’ёме. Прыярытэтнымі для развіцця будуць энергетыка, энергазберажэнне, аграпрамысловыя, будаўнічыя, прамысловыя, нана-і біятэхналогіі. Асаблівая ўвага будзе нададзена развіццю касмічных і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіяў. Да канца пяцігодкі фінансаванне навукова-тэхналагічнай і інавацыйнай дзейнасці ў Беларусі вырасце ў шэсць разоў.

Шмат што будзе зроблена і па ўдасканаленні заканадаўчай базы, якая рэгулюе інавацыйную дзейнасць. У прыватнасці, прэзідэнт Беларусі паставіў задачу ў гэтым годзе распрацаваць і прыняць закон аб дзяржаўнай інавацыйнай палітыцы. «У сувязі з гэтым высокатэхналагічным вытворчасцям, іх стварэнню і развіццю надаецца прыярытэтнае значэнне», — падкрэсліў Ігар Войтаў.

Как вам новость?
Головоломки