У Беларусі ў 2011 годзе падаткі знізяцца на 0,4% да ВУП

06.09.2010 16:26
Архив Редакция

Падатковая нагрузка на эканоміку Беларусі ў 2011 годзе знізіцца на 0,4% да ВУП. Дзякуючы гэтаму 700 млрд. рублёў застанецца ў распараджэнні прадпрыемстваў. Пра гэта паведаміў 6 верасня на пашыраным пасяджэнні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце, фінансах і падатковай палітыцы міністр фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец.

Андрэй Харкавец заявіў, што падрыхтаваны праект бюджэту на 2011 год прадугледжвае зніжэнне падатковай нагрузкі і радыкальнае спрашчэнне падатковага адміністравання, павышэнне зарплаты і забеспячэнне сацыяльных гарантый грамадства, стымуляванне інавацыйнага развіцця эканомікі, перадае БелТА.

Кажучы аб удасканаленні падатковай сістэмы, міністр адзначыў, што плануецца змяншэнне колькасці падаткаў і збораў, пашырэнне магчымасцяў інвестыцыйнага поля.

Плануецца поўнасцю адмяніць плацяжы, якія з’яўляюцца асаблівасцю беларускай падатковай сістэмы. У рамках гэтай працы будуць ліквідаваныя мясцовыя зборы на развіццё тэрыторыяў, якія выплочваюцца ад рэшткавага працэнту ад прыбытку, мясцовы падатак на паслугі, а таксама некаторыя плацяжы ў складзе экалагічнага падатку.

Плануецца спрасціць прымяненне інвестыцыйных ільготаў па асноўных падатках — на прыбытак і ПДВ. Для гэтага прапануецца вызваліць ад падатку прыбытак прадпрыемстваў, накіраваны на інвестыцыі.

Будзе ўдасканалена і сістэма падатковага адміністравання, у тым ліку схема перыядычнасці выплаты падаткаў і падачы падатковых дэкларацыяў. «З 2011 года прапаноўваецца перайсці па падатку на прыбытак на падачу падатковай дэкларацыі адзін раз на год са штоквартальнай яго выплатай, — растлумачыў Андрэй Харкавец. — сёння ў большасці выпадкаў гэтая дзейнасць ажыццяўляецца штомесяц».

Плануецца таксама спрасціць форму падатковай дэкларацыі, пашырыць сферы прымянення электроннага падатковага дэкларавання.

Харкавец: праз пару гадоў Беларусь увойдзе ў сямідзясятку краін па падаткаабкладанні

Усе гэтыя меры, на думку кіраўнік мінфіна, дазволяць палепшыць пазіцыі Беларусі па падаткаабкладанні ў рэйтынгу Сусветнага банка. «Рух па павышэнні нашага ўзроўню тут будзе», — сказаў міністр. Паводле прагнозаў Андрэя Харкаўца, праз паўтара-два гады Беларусь можа ўвайсці ў сямідзясятку краін у рэйтынгу па падатках.

У той жа час Андрэй Харкавец адзначыў, што гэта не павінна быць галоўнай мэтай. «Бо ёсць краіны, якія па падаткаабкладанні займаюць пазіцыі з 50-й па 80-ю, аднак па ўмовах вядзення бізнэсу яны займаюць лепшыя месцы», — падсумаваў кіраўнік мінфіна.

Как вам новость?
Головоломки