У Беларусі ў 40% выпадкаў дзеці паміраюць ад знешніх прычынаў

19.11.2010 11:42
Архив

Знешнія прычыны займаюць першае месца ў структуры дзіцячай смяротнасці. За апошнія дзесяць гадоў колькасць смерцяў ад знешніх прычын сярод немаўлятаў павялічылася ў чатыры разы, паведаміла галоўная педыятарка Міністэрства аховы здароўя Беларусі Алена Нявера, выступаючы на круглым стале ў Мінску. Сярод дзяцей ва ўзросце да чатырох гадоў знешнія прычыны прыводзяць да смерці ў 40% выпадкаў.

У цэлым, па словах Алены Няверы, няшчасныя выпадкі, атручванні і суіцыды складаюць трэцюю частку ў структуры дзіцячай смяротнасці, а рознага роду захворванні сышлі на апошнія месцы. У Беларусі за восем месяцаў гэтага года зафіксавана 22 выпадкі суіцыду сярод дзяцей да 17 гадоў. У структуры смяротнасці дзяцей ад знешніх прычынаў самагубствы складаюць 8-10%. «Сітуацыя стабілізавалася, але паказчык дзіцячага суіцыду — 21,1 на 100 тыс. насельніцтва — крыху вышэйшы, чым быў у мінулым годзе», — адзначыла экспертка.

Паводле статыстыкі Міністэрства аховы здароўя, Беларусь адносіцца да краін з нізкім узроўнем дзіцячай смяротнасці і смяротнасці немаўлятаў. Паказчык смяротнасці немаўлятаў знізіўся з 12,4% у 1997 годзе да 4,7% у 2009 годзе і застаецца найбольш нізкім на тэрыторыі СНД. Разам з тым, міністэрства канстатуе павелічэнне дзіцячай смяротнасці ў 2009 годзе — 57,4 на 100 тыс. дзіцячага насельніцтва (у 2008 годзе — 53,2). Найбольш высокі ўзровень дзіцячай смяротнасці зарэгістраваны ў Гомельскай (66,3), Віцебскай (61) і Берасцейскай (60) абласцях.

Алена Нявера адзначае, што галоўнай прычынай такой статыстыкі становяцца сацыяльныя фактары. «Асабліва гэта відавочна, калі гаворка ідзе пра зусім маленькіх дзяцей, якія абсалютна залежаць ад сям’і і бацькоў», — падкрэсліла галоўная педыятарка Беларусі.
 
Эксперт: у высокай дзіцячай смяротнасці вінаватыя безадказныя бацькі

З гэтым згодная і псіхолаг Надзея Цыркун. Паводле яе слоў, у высокім узроўні дзіцячай смяротнасці ад знешніх фактараў шмат у чым вінаватыя бацькі і іх безадказнае стаўленне да дзяцей, перадаюць «Беларускія навіны».

«Часам дзеці жывуць у такіх неспрыяльных умовах, што разумееш: гэта не сям’я, і дзецям будзе лепш тут не заставацца. Такія сем’і былі заўсёды, іх шмат. Проста раней мы пра іх амаль не ведалі. Гэта цяпер, калі дзяржава занепаколіася аб дзіцячай смяротнасці, да грамадскасці даходзіць жахлівая статыстыка», — сказала Надзея Цыркун.

Эксперт: змяніць сітуацыю можна, змяніўшы заканадаўства

Па словах псіхолага, змяніць сітуацыю ў лепшы бок можна было б дзякуючы ўнясенню зменаў у заканадаўства. «Калі б быў асобны заканадаўчы акт, які датычыцца прадухілення гвалту ў сям’і, былі б выразней вызначаны паняцці. І людзі б ведалі, што, напрыклад, пакідаць двухгадовае дзіця адно дома нельга — за гэта могуць і пакараць, нельга падымаць руку на дзіця, жанчыну, калі б праблемы ў гвалтаўнікоў ўзнікалі не тады, калі яны забіваюць да смерці, а калі ўпершыню ўжываюць сілу, то сітуацыя магла быць іншай», — перакананая Надзея Цыркун.

Акрамя таго, псіхолаг лічыць, што людзей неабходна рыхтаваць да ўсвядомленага бацькоўства. «Людзі часам становяцца бацькамі, будучы да гэтага маральна не гатовыя, будучы эмацыйна няспелымі», — адзначыла эксперт.

Надзея Цыркун таксама перакананая, што бацькі павінны ведаць псіхалогію дзяцей. «Калі некалі ў школах быў курс, які рыхтаваў да ўступлення ў шлюб, то выхаванню дзяцей не вучылі ніколі. А гэта вельмі важна. Аб патрэбах, асаблівасцях дзяцей розных узростаў неабходна ведаць. Калі да гэтага пакуль не рыхтуюць ў школе і ВНУ, застаецца займацца самаадукацыяй», — падкрэсліла псіхолаг.