У Беларусі 789 населеных пунктаў сустрэлі Новы год без святла

03.01.2011 12:47
Архив Редакция

У навагоднюю ноч жыхары 789 населеных пунктаў Беларусі засталіся без электрычнасці. Як паведамілі ў Дзяржаўным вытворчым аб'яднанні электраэнергетыкі "Белэнерга", у ноч з 31 снежня на 1 студзеня праз моцныя снегапады адключанымі ад энергазабеспячэння апынуўся шэраг населеных пунктаў Мінскай, Віцебскай і Гарадзенскай абласцей.

Па стане на 07:00 3 студзеня без электрычнасці заставалася 24 населеныя пункты Віцебскай вобласці. Асноўнай прычынай перабояў з электразабеспячэннем стала наліпанне снегу на правады і паваленыя на лініі электраперадач дрэвы. Энергетыкі абяцаюць сёння аднавіць энергазабеспячэнне ва ўсіх населеных пунктах, перадае БелТА.

«Аварыйныя брыгады энергетыкаў выканалі большую частку аднаўленчых прац, засталося зусім няшмат. Хутчэй за ўсё перабоі з электразабеспячэннем ў пакінутых населеных пунктах будуць ліквідаваны сёння да абеду», — паведамілі ў «Белэнерга».