У Беларусь прыйшла астранамічная вясна

21.03.2011 11:31
Архив Редакция

У панядзелак, 21 сакавіка, у 01:20 ў Беларусі наступіла астранамічная вясна. Як растлумачылі ў абсерваторыі БДУ, 21 сакавіка, у дзень вясновага раўнадзенства, Сонца перайшло з Паўднёвага паўшар'я ў Паўночнае, і цяпер узыход можна назіраць сапраўды на ўсходзе, а заход - сапраўды на захадзе.

Светлавы дзень 21 сакавіка працягнецца 12 гадзін 13 хвілін (узыход — у 06:11, заход — у 18:24). «Некалькі лішніх хвілін набягаюць з-за рэфракцыі, таго факту, што Сонца не кропкавая крыніца святла, а дыск, і праз тое, што сам момант раўнадзенства зрушаны. Дзень зраўняўся з ноччу 18 сакавіка, з гэтага часу ажно да дваццатых дзён верасня светлы час сутак будзе даўжэйшы за цёмны», — растлумачылі супрацоўнікі абсерваторыі БДУ, паведамляе БелТА.

Сіноптыкі Рэспубліканскага гідраметэацэнтра прагназуюць у пачатку гэтага тыдня паляпшэнне ўмоваў надвор’я, павышэнне атмасфернага ціску. Дзякуючы чарговаму антыцыклону з Заходняй Еўропы, надвор’е чакаецца пераважна без ападкаў. Уначы тэмпература паветра можа апускацца да -7°С, па паўночным усходзе — да -10°С, днём паветра прагрэецца да 4-11°С, на паўднёвым захадзе Берасцейскай вобласці — 12-15°С.