Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 19 ліпеня падпісаў закон, паводле якога адтэрміноўка ад прызыву на вайсковую службу будзе прадстаўляцца толькі людзям, якія атрымліваюць адукацыю на дзённай форме навучання ў ВНУ і ССНУ. Таксама адтэрміноўка ад арміі будзе прадстаўляцца толькі тым завочнікам, якія вучацца ў магістратуры, аспірантуры і дактарантуры.
Згодна з падпісаным законам «Аб унясенні зменаў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб воінскім абавязку і воінскай службе», тым завочнікам, якія ўжо навучаюцца, у тым ліку і за мяжой, будуць прадстаўлены адтэрміноўкі. Тыя ж маладыя людзі, якія плануюць у цяперашнюю ўступную кампанію паступіць на завочную форму навучання, могуць быць прызваны на тэрміновую ваенную службу, перадае «Ежедневник».
Згодна з законам, людзям, прызваным на тэрміновую ваенную службу ў перыяд навучання ва ўстановах адукацыі, пасля звальнення з тэрміновай ваеннай службы гарантуецца працяг навучання на ранейшых умовах ва ўстановах адукацыі, у якіх яны навучаліся дагэтуль.
У грамадзянскіх ВНУ і ССНУ прыбралі ваенныя кафедры
Акрамя таго, згодна з падпісаным законам, асобам, якія «з’яўляюцца крэдытаатрымальнікамі ў сувязі з будаўніцтвам (рэканструкцыяй) або набыццём жылых памяшканняў, прадстаўляюцца гарантыі ў парадку, устаноўленым заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь». Аднак, пакуль гэтыя гарантыі не прапісаны. Раней беларускія дэпутаты абяцалі даць такім крэдытаатрымальнікам адтэрміноўку ў пагашэнні крэдыту на тэрмін службы.
Яшчэ адно істотнае змяненне тычыцца ваенных кафедраў, якія існавалі пры некаторых грамадзянскіх ВНУ і ССНУ, навучаючыся на якіх, можна было атрымаць званне афіцэра запасу. Цяпер такіх кафедраў пры грамадзянскіх ВНУ і ССНУ не будзе, і пры іх могуць дзейнічаць толькі ваенныя факультэты.
Закон уступае ў сілу праз 10 дзён з моманту афіцыйнага апублікавання.