У Беларусі аператараў знешняга інтэрнэт-трафіку вызначыць конкурс

14.10.2010 16:08
Архив Редакция

Кампаніі, якім дадуць права пропуску міжнароднага інтэрнэт-трафіку ў Беларусі, вызначаць пасля правядзення конкурсу. Пра гэта паведаміў 14 кастрычніка супрацоўнік Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце Беларусі Сяргей Краўцоў. Паводле яго слоў, новыя аператары электрасувязі дазволяць значна знізіць кошты на доступ да інтэрнэту ў краіне.

Наяўнасць некалькіх аператараў, якія маюць права пропуску знешняга інтэрнэт-трафіку, з’яўляецца, акрамя ўсяго іншага, адным з патрабаванняў Еўропы. Так, у Малдове на сённяшні дзень дзейнічаюць чатыры аператары электрасувязі, якія маюць уласны знешні інтэрнэт-шлюз, перадае БелТА.

Сяргей Краўцоў паведаміў, што ў Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце (ААЦ) і міністэрства сувязі Беларусі паступіла некалькі прапановаў ад патэнцыяльных інвестараў, зацікаўленых ў пропуску знешняга інтэрнэт-трафіку.

«Усе гэтыя пытанні будзе вырашаць Нацыянальны цэнтр абмену трафікам (НЦАТ). Пры гэтым усё будзе вырашацца па прынцыпе «аднаго акна». Многія інвестары выказвалі занепакоенасць з нагоды лёсу сваіх інвестыцый, у прыватнасці іх хвалявалі асаблівасці адміністрацыйнага рэгулявання, якія зацягваюць працэс атрымання дазволаў на будаўніцтва сетак. Таму ААЦ і НЦАТ будуць імкнуцца да спрашчэння дазваленчых працэдураў для інвестараў», — заявіў прадстаўнік ААЦ.

У той жа час, па словах Сяргея Краўцова, дзяржава пакуль не гатова даць права на пропуск міжнароднага інтэрнэт-трафіку адразу ўсім беларускім аператарам. «Сёння далёка не ўсе кампаніі самі да гэтага гатовыя. Мы ж зацікаўленыя ў тым, каб даць гэта права тым, хто мае ці плануе пабудаваць уласную інфраструктуру, а таксама зможа гарантаваць высокую якасць паслуг», — падкрэсліў прадстаўнік ААЦ.

Как вам новость?