У Беларусі больш за ўсё падрабляюць даляры ЗША

11.08.2010 10:19
Архив Редакция

У першым паўгоддзі 2010 года ў беларускіх банках выявілі 483 падробленыя банкноты. Вялікую частку падробленых банкнот складаюць даляры ЗША (агулам 235 купюр), пераважна наміналам 100 даляраў (87,2% ад агульнай колькасці падробленых даляраў). Пра гэта паведамілі ў кіраванні інфармацыі Нацыянальнага банка Беларусі.

За аналагічны перыяд 2009 года выявілі на 15,7% больш фальшывых банкнот, чым сёлета. Апроч даляраў супрацоўнікі банкаў выявілі падробкі беларускіх рублёў і яшчэ пяці найменняў замежных валют. Усе падробленыя банкноты выключылі з аплатнага звароту і перадалі ў органы ўнутраных спраў.

Як паведамілі ў Нацбанку, у студзені — чэрвені 2010 года ў Беларусі былі прадпрынятыя спробы збыту 49 падробленых рублёвых банкнот супраць 73 купюр за аналагічны перыяд мінулага года. Часцей за ўсё выяўлялі фальшывыя купюры наміналам 20 тыс. рублёў. 50,3% падробак выяўлена ў Мінску і Мінскай вобласці, перадае БелТА.

Як распавялі адмыслоўцы, вялікая частка выяўленых падробленых банкнот была выраблены з дапамогай агульнай паліграфіі, а таксама рэпраграфіяй (струменевы друк і электрафатаграфія). Частка падробак адносілася да класу «супер».

Аднак, як паведамілі ў Нацбанку, сёлета назіраецца памяншэнне колькасці падробленых банкнот ЗША класу «супер». Іх вырабляюць па тэхналогіях, падобным да тэхналогіяў вытворчасці сапраўдных купюр. Выявіць іх можна, даследуючы дробныя дэталі графічнага афармлення банкнот, як правіла, выкарыстоўваючы тэхнічныя сродкі кантролю сапраўднасці. Гэты від падробак адносяць да катэгорыі асабліва небяспечных, бо не ўсе касавыя працаўнікі банкаў могуць адразу распазнаць такія падробкі.

Нацбанк: падрабляць еўра сталі часцей

У студзені — чэрвені гэтага года таксама павялічыўся лік падробленых банкнот еўра (23 супраць 14 за аналагічны перыяд мінулага года). Нярэдка адмыслоўцы выяўляюць выпадкі падробак манет еўра. Акрамя таго, супрацоўнікі банкаў выявілі спробы збыту так званай сувенірнай прадукцыі.

Адмыслоўцы таксама выявілі 171 купюру падробленых расійскіх рублёў, гэта трохі менш, чым у першым паўгоддзі мінулага года. Зламыснікі падрабляюць пераважна банкноты наміналам 1000 расійскіх рублёў. Пры падробцы гэтых банкнот часцей за ўсё выкарыстоўваюць струменевы друк. Пры гэтым каляровая гама падробак адпавядае сапраўдным банкнотам. Рэльефнасць маляўнічага пласта, якая характэрна для ўчасткаў малюнка, выкананым металаграфскім спосабам друку, зламыснікі імітавалі цісненнем. Акрамя таго, з высокай якасцю імітавалі люмінесцэнцыю ва ўльтрафіялетавых прамянях асобных участкаў малюнка банкноты.

Як распавялі ў Нацбанку, банкаўскія працаўнікі ўпэўнена распазнаюць частковыя падробкі, падробкі, вырабленыя з дапамогай агульнай паліграфіі, а таксама рэпраграфіяй і перарываюць незаконны збыт так званай сувенірнай прадукцыі. У той жа час працаўнікі суб’ектаў гаспадарання часцяком недастаткова старанна правяраюць сапраўднасць банкнот пры аказанні паслуг насельніцтву за наяўны разлік.

Как вам новость?
Головоломки