У Беларусі да 2011 года прыватызуюць многія будпрадпрыемствы

22.07.2010 14:55
Архив Редакция

Многія прадпрыемствы будаўнічай галіны, за выключэннем стратэгічных, будуць акцыянаваныя ў Беларусі да 2011 года. Пра гэта 22 ліпеня паведаміў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення прамысловасці, будаўнічых матэрыялаў і канструкцыяў міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Беларусі Аляксандр Голеш.

«Еўрастандарты і акцыянаванне — гэта асноўныя плюсы для прыцягнення інвестыцыяў у будаўнічыя прадпрыемствы», — сказаў Аляксандр Голеш, дадаўшы, што аб’ём інвестыцыяў, накіраваных на мадэрнізацыю прадпрыемстваў будаўнічай галіны, склаў за апошнія пяць гадоў больш за трыльён рублёў.

«Пры цяперашнім кошце расійскага газу прадпрыемствы будаўнічай галіны Беларусі не могуць канкураваць са сваімі суседзямі (Расіяй, Украінай) у цане», — адзначыў прадстаўнік міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, перадае БелТА. У якасці прыкладу Аляксандр Голеш прывёў адпускную цану на цэмент беларускай вытворчасці, якая на 15-20 даляраў за тону даражэйшая за цэмент, выраблены ў Расіі.

«У нас сёння, за выключэннем стратэгічных, важных для рэспублікі аб’ектаў, прыватызацыя павінна прайсці па ўсіх будаўнічых падраздзяленнях, за выключэннем «Граніта»- сёння гэтае прадпрыемства не плануецца да акцыянавання. Два цэментныя заводы (дзяржпрадпрыемства «Крычаўцэментнашыфер» і «Беларускі цэментны завод») пакуль таксама мы не акцыянуем. А астатнія ўсе заводы — і па вытворчасці цэглы, і па вытворчасці ячэістых блокаў, і па вытворчасці зборнага жалезабетону, і іншых матэрыялаў — будуць акцыянаваныя да канца 2011 года», — яшчэ раз адзначыў Аляксандр Голеш, перадае ПРАЙМ -ТАСС.
    
Пры гэтым прадстаўнік міністэрства сказаў, што можа застацца неакцыянаваным шэраг невялікіх прадпрыемстваў, якія не з’яўляюцца стратэгічнымі ў будаўнічым комплексе. «Ёсць дапаможныя прадпрыемствы, якія вырабляюць металаканструкцыі, прадпрыемствы па вытворчасці крышталю (шклозавод «Нёман», Барысаўскі крышталёвы завод). Яны могуць не быць акцыянаваныя», — растлумачыў Аляксандр Голеш.

Как вам новость?
Головоломки