У Беларусі дапамогі ў сувязі з нараджэннем дзіцяці плануюць павялічыць удвая

03.03.2011 15:16
Архив Редакция

Беларускія ўлады плануюць узмацніць матэрыяльную падтрымку сям'і і павялічыць у два разы памер аднаразовай дапамогі ў сувязі з нараджэннем дзіцяці. Акрамя таго, улады маюць намер павялічыць дапамогі па доглядзе за дзіцем ва ўзросце да трох гадоў і давесці яго памер да 35-40% ад сярэдняй заработнай платы па краіне. Пра гэта 3 сакавіка паведаміла старшыня пастаяннай камісіі Савета рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, Антаніна Морава.

Старшыня пастаяннай камісіі Савета рэспублікі, якая з’яўляецца сустаршынёй ГА «Беларускі саюз жанчын», таксама праінфармавала аб намеры ўладаў дапамагчы шматдзетным сем’ям вырашыць жыллёвую праблему. Плануецца, што ўлады падтрымаюць тых, хто мае патрэбу ў пагашэнні льготных крэдытаў на жыллё. Так, сем’ям з трыма непаўналетнімі дзецьмі дзяржава дапаможа пагасіць да 75% крэдыту, з чатырма дзецьмі і больш — да 100%, перадае БелТА.
 
Антаніна Морава таксама паведаміла аб магчымым павелічэнні працягласці дародавага адпачынку. Улады плануюць павялічыць яго на два тыдні і прадстаўляць яго з 28 тыдняў цяжарнасці. Рашэнне па гэтым пытанні можа быць прынята ўжо сёлета.

«Гэтая прапанова вельмі практычная, бо, як правіла, будучыя мамы імкнуцца сысці з працы крыху раней у сілу розных акалічнасцяў — здароўе, цяжкасці ў перамяшчэнні на грамадскім транспарце. Большая частка жанчын на позніх тэрмінах цяжарнасці змушаныя сыходзіць на бальнічны па стане здароўя. Думаю, што такая мера таксама будзе добрай падтрымкай для актывізацыі нараджальнасці», — адзначыла Антаніна Морава.

Між тым, экспертка канстатавала, што ў цяперашні час у Беларусі зафіксавана запаволенне тэмпаў росту нараджальнасці. Аднак, па словах Антаніны Моравай, абумоўлена гэта аб’ектыўнымі прычынамі — скарачэннем колькасці жанчын фертыльнага ўзросту (ва ўзросце 15-49 гадоў).

«У 2005-2009 гадах была самая высокая ўдзельная вага жанчын дзетароднага ўзросту, і мы імкнуліся «націскаць на ўсе педалі», каб павялічыць нараджальнасць. І нам удалося выкарыстаць дэмаграфічны шанец. Цяпер па аб’ектыўных прычынах пойдзе некаторае зніжэнне нараджальнасці, і да гэтага трэба спакойна ставіцца», — распавяла Антаніна Морава.

Як раней перадаваў Тэлеграф, з 1 лютага памеры дзяржаўных дапамог сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, выраслі на 4,9% у сувязі з адпаведным павышэннем бюджэту пражытачнага мінімуму. Штомесячная дапамога па доглядзе за дзіцем да дасягнення ім трохгадовага ўзросту склала 296,8 тыс. рублёў, старэйшым за тры гады — 89,6 тыс. рублёў. Аднаразовая дапамога ў сувязі з нараджэннем першага дзіцяці вырасла да 1,4 млн. рублёў, нараджэннем другога і наступных дзяцей — амаль да 2,1 млн. рублёў. Калі ж жанчына стане на ўлік у дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці, то яна атрымае аднаразовую дапамогу ў памеры 296,8 тыс. рублёў.

Как вам новость?
Головоломки