У Беларусі двух забойцаў прысудзілі да растрэлу

15.05.2010 09:38
Архив Редакция

Гарадзенскі абласны суд 14 траўня вынес прысуд аб прымяненні выключнай меры пакарання (растрэлу з канфіскацыяй маёмасці) да двух гарадзенцаў, якія ў кастрычніку мінулага года ў Горадні забілі дзвюх жанчын і мужчыну, выкралі сына забітай, а таксама, хаваючы сляды злачынства, здзейснілі падпал кватэры. Суд прызнаў падазраваных вінаватымі па ўсіх пунктах абвінавачання.

Злачынцам інкрымінавалася забойства дзвюх і больш асобаў з асаблівай жорсткасцю, спалучанае з разбойным нападам, здзейсненым групай асобаў, разбой з прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў, наўмыснае пашкоджанне маёмасці шляхам падпалу, выкраданне малалетняга групай асобаў, разбойны напад на таксіста, замах на крадзеж аўтамашыны і  крадзеж дакументаў, перадае БелТА.
На працягу дзесяці дзён падсудныя могуць абскардзіць прысуд у Вярхоўным судзе Беларусі і напісаць хадайніцтва аб памілаванні на імя кіраўніка дзяржавы.
Забойцам 28 і 29 гадоў (1980 і 1981 гадоў нараджэння). Жыхары абласнога цэнтра былі раней неаднаразова асуджаны за крадзяжы, ухіленне ад адбывання пакарання, хуліганства, махлярства, рабаванне, разбой. Да датэрміновага вызвалення яны разам адбывалі пакаранне ў выпраўленчай установе ў Наваполацку. 
Патройнае забойства маладыя людзі здзейснілі 13 кастрычніка 2009 года. Ва ўласнай кватэры былі жорстка забіты 34-гадовая гаспадыня, яе 65-гадовы свёкар і яшчэ адна 52-гадовая жанчына. 
Злачынцы пакінулі жывым толькі 11-гадовага сына гаспадыні, якога яны забралі з сабой, прыстрашыўшы забойствам, калі той каму-небудзь раскажа пра ўбачанае. Сыходзячы, забойцы падпалілі кватэру. Прыбылыя на пажар выратавальнікі і выявілі забітых са слядамі нажавых раненняў. Акрамя таго, спрабуючы схавацца з месца здарэння, адзін са злачынцаў за адмову кіроўцы таксі адвезці іх у Мінск ці ў Маскву здзейсніў на яго разбойны напад.
Супрацоўнікам праваахоўных органаў па гарачых слядах удалося затрымаць падазраваных і выратаваць хлопчыка, які фізічна не пацярпеў.

Как вам новость?