У Беларусі канфіскавалі найбуйнейшую ў гісторыі партыю гераіну

09.09.2010 16:24
Архив Редакция

Беларуская міліцыя адабрала ў жыхара Магілёва самую буйную партыю наркотыкаў, што калі-небудзь затрымлівалася на тэрыторыі краіны. Аператыўнікі затрымалі наркакур'ера на пункце спагнання дарожных пошлінаў "Рэдзькі", размешчаным на аўтадарозе Берасце-Мінск-мяжа Расіі. У аўтамабілі Opel Astra з расійскім рэгістрацыйным знакам мужчына перавозіў каля 28 кілаграмаў гераіну.

Пры аглядзе аўтамабіля ў бакавых панэлях задняга пасажырскага сядзення міліцыянты знайшлі 187 упаковак акруглай формы, замаскаваных пад цыбулю. У іх знаходзілася герметычна спрэсаваная маса шэрага колеру. Па заключэнні Дзяржаўнага экспертна-крыміналістычнага цэнтру МУС, канфіскаванае рэчыва з’яўляецца гераінам, перадае БелТА.

Затрыманы ўваходзіў у склад транснацыянальнай арганізаванай злачыннай групы, якая займаецца пастаўкамі гераіну з Сярэдняй Азіі. Канфіскаваныя наркотыкі прызначаліся для наступнага транзіту на Украіну і ў краіны Еўрасаюза, а таксама для распаўсюджвання на тэрыторыі Беларусі. Злачынны канал знаходзіўся ў распрацоўцы Упраўлення па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі МУС Беларусі больш за паўгады.

У дачыненні да затрыманага ўзбуджаная крымінальная справа па ч.4 арт.328 «Незаконны зварот наркатычных сродкаў у буйных памерах у складзе арганізаванай групы» КК Беларусі, які прадугледжвае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Усяго ў 2010 годзе міліцыя Беларусі спыніла 36 міждзяржаўных каналаў пастаўкі і транзіту наркотыкаў. Аператыўнікі сканфіскавалі больш за 117 кілаграмаў наркатычных сродкаў, у тым ліку 37 — гераіну, больш 27 — параметылэфедрону, каля 11 кілаграмаў амфетаміну і метамфетаміну.

Как вам новость?
Головоломки