У Беларусі колькасць суіцыдаў зменшылася на 10%

24.03.2011 11:26
Архив Редакция

Колькасць суіцыдаў у Беларусі знізілася амаль на 10% (на 9,6%). Як распавёў 23 сакавіка дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя Сяргей Ігумнаў, у мінулым годзе колькасць суіцыдаў склала 2474 супраць 2 730 у 2009 годзе. "Паказчык суіцыдаў адпаведна зменшыўся з 28,4 да 26,1 на 100 тыс. насельніцтва", — сказаў ён.

«Безумоўна, гэта трагічныя лічбы, але раней у Беларусі былі гады, калі колькасць суіцыдаў у абсалютных лічбах дасягала 3,5 тыс. чалавек», — цытуе Сяргея Ігумнава БелаПАН.
 
«Славянскія краіны былога СССР — Расія, Беларусь і Украіна — застаюцца ў ліку сусветных лідараў па суіцыдальных паводзінах. Лідарам з’яўляецца Літва, дзе паказчык суіцыдаў дасягае 46-48 выпадкаў на 100 тыс. насельніцтва. Па разліках Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, дзяржава ставіцца да краін з высокім узроўнем суіцыдаў, калі гэты паказчык вышэйшы за 20 выпадкаў на 100 тыс. насельніцтва», — расказаў спецыяліст.

У сваю чаргу кіраўнік Маскоўскага цэнтру крызіснай псіхалогіі Міхаіл Хасьмінскі ўказаў на праблему ўплыву СМІ на рост колькасці суіцыдаў. «Даследаванні навукоўцаў даказваюць, што публікацыі і рэпартажы пра самагубствы могуць правакаваць людзей, якія схільныя да суіцыду. Ён лічыць, што закрытасць савецкай прэсы для тэм суіцыду, паведамленняў пра маньяка, аб маштабных правапарушэннях шмат у чым адыгрывала прафілактычную ролю», — расказаў Міхаіл Хасьмінскі.

Сяргей Ігумнаў у сваю чаргу выказаўся за тое, каб СМІ інфармавалі не аб фактах суіцыду, а аб працы службаў, якія аказваюць псіхалагічную дапамогу, тэлефонах даверу. Разам з тым ён адзначыў, што колькасць суіцыдаў у СССР не была нізкай. У 1984 годзе звялі рахункі з жыццём каля 80 тыс. чалавек. Для параўнання: страты СССР у афганскай вайне склалі каля 15 тыс. чалавек.

Как вам новость?