У Беларусі лідарам па росце коштаў у лютым стала грэчка, якая за месяц падаражэла на 27,9%. Пра гэта сведчаць звесткі Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі. Таксама значна выраслі цэны на цукар — на 9,8% і крупы прасяныя — на 7,6. Ялавічына ў лютым падаражэла на 5,1%, паўфабрыкаты мясныя з ялавічыны — на 4%, сала, сыры, свініна, рыба і морапрадукты, масла — на 3-3,4%.
Па дадзеных Белстата, цэны на малако і малочныя прадукты, каўбасныя вырабы і вэнджаніну, крупы пярловыя і манныя, напоі безалкагольныя, павялічыліся на 2-2,7%. Кошты на муку пшанічную, макаронныя, кандытарскія вырабы, кансервы мясныя і рыбныя, мяса птушкі, алей выраслі на 1,3-1,8%.
Цэны на капусту выраслі на 12,5%, моркву — на 9,6%, агуркі свежыя — на 9,1%, цыбулю рэпчатую — на 7,8%, бульбу — на 6,2%. Садавіна падаражэла на 3,3%. Цытрусавыя патаннелі на 3,2%, пра што сведчаць дадзеныя статыстыкі.
Як ужо перадаваў Тэлеграф, міністэрства эканомікі паабяцала разабрацца з павышэннем коштаў на грэчку
Па звестках ведамства, раздробныя цэны на крупы грэцкія фасаваныя, прадукцыю, якая вырабляецца беларускімі прадпрыемствамі (ААТ «Гомельхлебапрадукт» і ПВУП «Скідзельаграпрадукт»), у лютым 2011 года склалі ад 5,67 да 7,79 тыс. рублёў за кілаграм у залежнасці ад гатунку, а ў сувязі з пастаўкамі грэцкіх круп з Расіі, дзе адзначаецца значны рост коштаў на яе, раздробныя цэны на грэчку на спажывецкім рынку рэспублікі ўзраслі да 8,9-16,9 тыс. рублёў за кілаграм.