У Беларусі могуць павысіць цэны на пуцёўкі ў дзіцячыя лагеры

13.06.2011 16:18
Архив Редакция

Міністэрства адукацыі Беларусі ў цяперашні час разглядае пытанне аб павелічэнні грашовых нормаў на харчаванне ў дзіцячых лагерах. Робіцца гэта праз нядаўняе істотнае падаражэнне прадуктаў харчавання. Як паведамілі ў міністэрстве эканомікі, гэта пацягне за сабою павышэнне коштаў на пуцёўкі ў дзіцячыя лагеры.

Тарыфы на паслугі дзіцячых аздараўленчых летнікаў, згодна з указам прэзідэнта, рэгулююцца міністэрствам эканомікі, аднак фіксаванай або лімітавай цаны на пуцёўкі ў дзіцячыя лагеры міністэрства вырашыла не ўсталёўваць. Гэта тлумачыцца тым, што ў Беларусі дзейнічаюць летнікі рознай формы ўласнасці, з розным штатам і зарплатай супрацоўнікаў, з рознымі ўмовамі пражывання.

«Таму цана рэгулюецца з дапамогай інструкцыі, у якой прапісаны парадак фармавання цэн на пуцёўкі. І па ёй яны фармуюцца ўжо некалькі гадоў (Інструкцыя № 206 ад 24 лістапада 2005 года)», — паведамілі ў мінэканомікі.

Згодна з гэтай інструкцыі, у кошт пуцёўкі не ўключаюцца прыбытак або выдаткі на ўтрыманне лагера ў міжсезонне, каб пуцёўка абыходзілася танней. Сама ж цана пуцёўкі вызначаецца непасрэдна кіраўніцтвам лагера ці арганізацыі, у склад якой ён уваходзіць.

Між тым, як адзначылі ў мінэканомікі, частку выдаткаў на харчаванне могуць узяць на сябе арганізацыі, у якіх летнікі знаходзяцца на балансе. Адпаведна, у кошт пуцёўкі гэтыя выдаткі ўключацца не будуць.

Як перадаваў Тэлеграф, з пачатку года спажывецкія цэны на тавары і паслугі ў Беларусі выраслі на 25,4%. Толькі ў траўні інфляцыя склала 13,1%. Істотней за ўсё, у траўні ў параўнанні з красавіком падаражэлі садавіна (на 50,8%) і гарбата (46,2%). Таксама істотна выраслі за месяц кошты на цукар (39,1%), рыбныя кансервы (29,7%), рыбу і морапрадукты (27,8%), макаронныя вырабы (26,9%) і крупы (26,2%).

Как вам новость?
Головоломки