У Беларусі можа з'явіцца банк з турэцкім капіталам

15.03.2010 13:10
Архив Редакция

Кіраўнік Цэнтральнага банка Турцыі Дурмуш Ілмаз 11-13 сакавіка наведаў з першым афіцыйным візітам Беларусь і, у прыватнасці, Нацыянальны банк краіны. "Падчас перамоў бакі выказаліся за магчымасць стварэння ў Беларусі банка з удзелам аднаго ці некалькіх найбуйнейшых турэцкіх банкаў", — распавялі ў кіраванні інфармацыі Нацбанка.

У Нацбанку адзначылі таксама, што беларускі і турэцкі бакі зацікаўлены ў развіцці двухбаковага супрацоўніцтва паміж цэнтральнымі банкамі Беларусі і Турцыі ва ўсіх кірунках дзейнасці. «Сярод іх — прыцягненне інвестыцый, падрыхтоўка і навучанне персаналу, арганізацыя навукова-даследчай дзейнасці, абмен інфармацыяй і публікацыямі па эканамічных і фінансавых пытаннях», — паведамілі ў НББ.

Падчас сустрэч са старшынёй кіравання Пятром Пракаповічам і спецыялістамі Нацбанка адбыўся абмен меркаваннямі «пра сацыяльна-эканамічнае развіццё дзвюх краін і ўплыў глабальнага фінансава-эканамічнага крызісу, банкаўскіх сектараў, а таксама і па іншых тэмах, якія цікавяць бакі «.

У кіраванні інфармацыі Нацбанка адзначылі, што ў апошнія гады гандлёва-эканамічныя адносіны паміж Беларуссю і Турцыяй дынамічна развіваюцца. «Толькі ў студзені цяперашняга года ў параўнанні з аналагічным перыядам 2009 года таваразварот паміж дзвюма краінамі павялічыўся больш чым ў паўтара разы і склаў 25,4 млн. даляраў. Увесь час расце і паступленне ў Беларусь турэцкіх інвестыцый», — паінфармавалі ў галоўным банку краіны.

Падчас перамоў бакі таксама пацвердзілі намер на правядзенне рэгулярных сустрэч паміж кіраўніцтвам і экспертамі цэнтральных банкаў Беларусі і Турцыі. «Гэта паслужыць далейшаму ўмацаванню адносін паміж дзвюма краінамі ў фінансавай і банкаўскай сферах», — падкрэслілі ў Нацбанку.

Как вам новость?