У Беларусі можа з'явіцца ўпаўнаважаны па правах чалавека

26.01.2011 13:55
Архив Редакция

Канстытуцыйны суд Беларусі выступае за стварэнне ў рэспубліцы інстытуту омбудсмэна або ўпаўнаважанага па правах чалавека. Пра гэта паведаміў старшыня Канстытуцыйнага суда Беларусі Пётр Міклашэвіч. "Я як кіраўнік Канстытуцыйнага суда і суддзі суда вывучаем вопыт працы такога інстытуту. І мы за тое, каб у перспектыве такі інстытут быў уведзены ў рэспубліцы", — сказаў ён. 

Старшыня КС растлумачыў, што інстытут омбудсмэна з’яўляецца сродкам ускоснага доступу грамадзян да канстытуцыйнага правасуддзя. Паводле слоў Пятра Міклашэвіча, у некаторых краінах праз упаўнаважанага па правах чалавека грамадзяне маюць доступ да канстытуцыйнага правасуддзя. Людзі звяртаюцца да гэтай асобы, і затым калі ёсць падставы, упаўнаважаны па правах чалавека ўносіць прапановы ў Канстытуцыйны суд, адзначыў старшыня КС, перадае БелТА.

Што датычыцца магчымых тэрмінаў стварэння падобнага інстытуту ў Беларусі, Пётр Міклашэвіч растлумачыў, што павінен быць распрацаваны адпаведны законапраект, які пасля павінен прыняць парламент.

«У Беларусі не прадугледжана права грамадзян на індывідуальную канстытуцыйную скаргу, то бок грамадзянін не можа напрамую звярнуцца ў Канстытуцыйны суд і ставіць пытанне аб праверцы канстытуцыйнасці таго ці іншага нарматыўна-прававога акта. Пры гэтым такі парадак характэрны не толькі для Беларусі, але і для многіх дзяржаў Еўропы, у тым ліку Францыі», — нагадаў старшыня КС.

Па словах Пятра Міклашэвіча, у Беларусі прадугледжаны так званы ўскосны доступ грамадзян да канстытуцыйнага судаводства. На канстытуцыйным узроўні замацаваны шэсць суб’ектаў, якія маюць права ставіць пытанне аб праверцы канстытуцыйных нарматыўна-прававых актаў, адзначыў ён.

«За перыяд дзейнасці Канстытуцыйнага суда гэтыя суб’екты каля 80 разоў звярталіся ў КС. У сваю чаргу грамадзяне маюць права ініцыяваць перад гэтымі суб’ектамі пытанне аб праверцы канстытуцыйнасці таго ці іншага заканадаўства», — сказаў Пётр Міклашэвіч.

Пры гэтым старшыня КС адзначыў, што Канстытуцыйны суд працуе над тым, каб гэтыя звароты разглядаліся не проста як звычайныя скаргі, а каб быў выпрацаваны адпаведны прававы механізм іх разгляду і ўнясення прапаноў у Канстытуцыйны суд. У цяперашні час Канстытуцыйны суд завяршае распрацоўку праекту закона аб канстытуцыйным судаводстве, дзе ў тым ліку знойдзе адлюстраванне і гэтае пытанне, дадаў Пётр Міклашэвіч.

Как вам новость?
Головоломки