У Беларусі на два тыдні хочуць павялічыць дародавы адпачынак

13.10.2010 14:28
Архив Редакция

У Беларусі плануюць павялічыць працягласць дародавага адпачынку на 14 каляндарных дзён і прадстаўляць яго будучым мамам з 28 тыдняў цяжарнасці. Гэтую ініцыятыву міністэрства працы падтрымалі ўсе зацікаўленыя, паведаміла начальніца аддзелу народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Марына Арцёменка.

На думку спецыялісткі, прадстаўленне больш працяглых адпачынкаў пазітыўна адаб’ецца на здароўі маці і малых. У цяперашні час каля 70% жанчын на позніх тэрмінах цяжарнасці змушаныя сыходзіць на бальнічны па стане здароўя, перадае БелТА.

Марына Арцёменка сказала, што праект унясення адпаведных зменаў і дапаўненняў у Працоўны кодэкс знаходзіцца на дапрацоўцы. Спецыялістка выказала надзею, што ініцыятыва мінпрацы будзе замацавана заканадаўча.

У Беларусі жанчыны сыходзяць у дэкрэт з 30 тыдняў цяжарнасці. Дапамога па цяжарнасці і родах выплочваецца аднаразова за 126 каляндарных дзён. Жыхаркам рэгіёнаў з радыеактыўным забруджваннем 1 Кюры на квадратны метр і вышэй гэтая дапамога выплачваецца за 146 каляндарных дзён. У выпадку ўскладненых родаў ці нараджэння двух і больш дзяцей дапамога па цяжарнасці і родах выплочваецца за 140 каляндарных дзён, у чарнобыльскіх раёнах — за 160 каляндарных дзён.

Как вам новость?