У Беларусі на выбары акрэдытавалі 930 міжнародных назіральнікаў

13.12.2010 16:30
Архив Редакция

Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі акрэдытавала 930 міжнародных назіральнікаў для працы падчас выбараў прэзідэнта. Сярод іх — прадстаўнікі міжнародных арганізацый, парламентарыі і сябры выбарчых камісій розных краін, а таксама незалежныя назіральнікі. Усяго чакаецца, што ў Беларусь для маніторынгу выбараў прыедзе каля тысячы чалавек.

Па дадзеных ЦВК, сярод акрэдытаваных назіральнікаў — 406 прадстаўнікоў Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ, 257 — Садружнасці незалежных дзяржаў, шэсць — Пастаяннага камітэта СНД, 82 прадстаўнікі Парламенцкай асамблеі АБСЕ, 45 — Міжпарламенцкай асамблеі СНД, 10 — Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі і 11 назіральнікаў ад парламентаў замежных краін. За выбарамі будуць назіраць 24 прадстаўнікі замежных Цэнтравыбаркамаў, 48 прадстаўнікоў дыпламатычных і консульскіх устаноў замежных дзяржаў і 41 незалежны назіральнік, перадае БелТА.
 
Акрамя таго ў маніторынгу прэзідэнцкіх выбараў возьмуць актыўны ўдзел і грамадзяне Беларусі, а таксама прадстаўнікі беларускіх партый і грамадскіх аб’яднанняў. На дадзены момант ЦВК акрэдытаваў больш за 17,8 тыс. мясцовых назіральнікаў па ўсёй краіне. У іх ліку больш за 2,9 тыс. грамадзян, каля двух тысяч прадстаўнікоў працоўных калектываў, 924 назіральнікі ад палітычных партый і больш за 11,9 тыс. — ад грамадскіх аб’яднанняў.

Урны для галасавання будуць апячатваць двойчы на дзень

Датэрміновае галасаванне ў Беларусі пачнецца ўжо ў аўторак, 14 снежня. Улады маюць намер распачаць дадатковыя меры для забеспячэння празрыстасці і адкрытасці датэрміновага галасавання. Для гэтага ў першы дзень датэрміновага галасавання урны для галасавання правераць і апячатаюць старшыні камісіі ў прысутнасці не менш як дзвюх трэціх складу камісіі.

Акрамя таго, штодня на працягу ўсяго тэрміну датэрміновага галасавання а 14:00 і а 19:00 старшыня камісіі або яго намеснік будуць заклейваць прарэз у скрыні для галасавання лістом паперы, а затым ставіць на ім свой подпіс. Ускрываць прарэз будуць непасрэдна перад пачаткам галасавання а 10:00 і а 16:00. Пры гэтай працэдуры будуць мець права прысутнічаць назіральнікі і прадстаўнікі СМІ. У перыяд, пакуль галасаванне не вядзецца, бюлетэні будуць захоўвацца ў сейфах або металічных шафах.

Пратаколы датэрміновага галасавання зробяць агульнадаступнымі

Штодня падчас датэрміновага галасавання на ўчастках будуць вывешваць копію пратаколу з указаннем колькасці бюлетэняў, атрыманых камісіяй, нявыкарыстаных і сапсаваных бюлетэняў, а таксама колькасці грамадзян, якія іх атрымалі.

У ЦВК нагадалі, што выбаршчыкі павінны самастойна запаўняць бюлетэнь. Калі яны па стане здароўя не ў стане гэтага зрабіць, то маюць права даручыць гэта іншай асобе. Аднак гэта забаронена рабіць членам выбаркамаў, кандыдатам у прэзідэнты, іх давераным асобам, а таксама наглядальнікам і прадстаўнікам СМІ.

Датэрміновае галасаванне працягнецца да 19:00 18 снежня. У дні датэрміновага галасавання выбарчыя ўчасткі будуць працаваць з 10:00 да 19:00 з перапынкам з 14:00 да 16:00. У ЦВК падкрэслілі, што датэрміновае галасаванне па-за памяшканнямі ўчастковай камісіі не дапускаецца. Выбаркам можа арганізаваць галасаванне дома па заяве выбаршчыкаў толькі непасрэдна ў дзень выбараў — 19 снежня.

Как вам новость?