У Беларусі назвалі самыя шкодныя для прыроды прадпрыемствы

05.08.2010 15:47
Архив Редакция

Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі склала спіс прадпрыемстваў, якія сістэматычна забруджваюць навакольнае асяроддзе. Міністэрства накіравала афіцыйныя звароты ў розныя інстанцыі, каб тыя аказалі ўздзеянне на прадпрыемствы, што не выконваюць прыродаахоўнае заканадаўства.

Як паведамілі ў прыродным ведамстве, звароты былі накіраваны ў міністэрства прамысловасці, міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, а таксама канцэрнам «Беллессбудпрам» і «Белэнерга» і мясцовым органам улады.

У спіс прадпрыемстваў, якія наносяць шкоду экалогіі, занесена тры прадпрыемствы міністэрства прамысловасці (РУВП «Беларускі аўтамабільны завод» у Жодзіне, ААТ «Бабруйскі машынабудаўнічы завод», РУПП «Беларускі металургічны завод»), пяць прадпрыемстваў міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі (УП ЖКГ «Віцрайкамгас», КЖЭУП «Рагачоў», РУП «Лагойскі ЖКГ», РУП «Любанскі ЖКГ», ГКУП «Салігорскводаканал»), шэсць прадпрыемстваў міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання (СААТ «Белавежскія сыры» Камянецкага раёна, філіял ААТ «Рагачоўскі МКК», ААТ «Лідскі малочна-кансервавы камбінат», ААТ «Смаргонскія малочныя прадукты», ААТ «Барысаўскі малочны камбінат», ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат»).

Парушэнні экалагічнага заканадаўства выяўленыя таксама на ААТ «Гомельшкло» міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, на Светлагорскай ЦЭЦ канцэрну «Белэнерга» і на трох прадпрыемствах канцэрну «Беллеспаперапрам» (ААТ «Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат», ААТ «Рэчыцадрэў», ААТ «Мастадрэў») .

Акрамя таго мінпрыроды накіравала звароты мясцовым уладам датычныя розных прадпрыемстваў, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Докшыцкага, Верхнядзвінскага, Гарадоцкага, Шумілінскага, Ашмянскага, Хойніцкага, Кастрычніцкага, Астравецкага, Шчучынскага, Валожынскага, Капыльскага, Мсціслаўскага, Слаўгарадскага, Чавускага і Чэрыкаўскага раёнаў.

Прааналізаваўшы дадзеныя за перыяд 2008 — першае паўгоддзе 2010 года, мінпрыроды выявіла шматлікія факты невыканання ўмоваў адвядзення сцёкавых водаў і ўмоваў выкіду забруджвальных рэчываў у навакольнае асяроддзе.

Тэрытарыяльныя органы мінпрыроды неаднаразова ўводзілі штрафныя санкцыі ў дачыненні да службовых і юрыдычных асобаў, выстаўлялі прэтэнзіі за нанесеную шкоду навакольнаму асяроддзю і павялічвалі экалагічны падатак для гэтых прадпрыемстваў. Тым не менш, прадпрыемствы працягваюць парушаць прыродаахоўнае заканадаўства.

Як паведамілі ў міністэрстве прыроды, калі прадпрыемствы не спыняць перавышаць канцэнтрацыі забруджвальных рэчываў, тэрытарыяльныя органы міністэрства прымуць меры па прыпыненні дзеяння дазволу на спецыяльнае водакарыстанне (альбо яго ануляванне) і дазволу на выкіды забруджвальных рэчываў у атмасферу. Акрамя таго, можа разглядацца пытанне аб прыпыненні эксплуатацыі асобных установак, цэхаў, аб’ектаў гэтых прадпрыемстваў.

Как вам новость?
Головоломки