У Беларусі не сталі аб'яўляць жалобу па загінулых пад Смаленскам

12.04.2010 12:54
Архив Редакция

Беларускія ўлады вырашылі не аб'яўляць дзень жалобы па загінулых у авіякатастрофе пад Смаленскам самалёта прэзідэнта Польшчы Леха Качынскага. Жалобныя мерапрыемствы ў панядзелак, 12 красавіка, праходзяць у Расіі, Украіне, Грузіі, краінах Еўрасаюза і Бразіліі. У некаторых краінах жалоба падоўжыцца больш за адзін дзень. У самой Польшчы жалоба падоўжыцца сем дзён.

Тым часам прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся арганізаваць за кошт беларускага боку мерапрыемствы па прыёме, адпраўцы і суправаджэнні польскіх грамадзян, якія прыбываюць у нашу краіну для далейшага руху да месца авіякатастрофы ў Смаленскую вобласць Расіі, а таксама аказаць польскаму боку максімальнае садзейнічанне, перадае БелТА.

Як распавялі ў прэс-службе беларускага лідара, польскі бок з некалькіх варыянтаў абраў пасадку на тэрыторыі Беларусі ў Віцебску. «Па просьбе госцяў беларускі бок арганізаваў сустрэчу двух адмысловых авіярэйсаў з Польшчы», — паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Увечары дзясятага красавіка ў Віцебск прыбыў брат трагічна загінулага прэзідэнта Польшчы Яраслаў Качынскі са сваякамі загінулых. Праз гадзіну ў аэрапорце Віцебску прызямліўся самалёт з прэм’ер-міністрам Польшчы Дональдам Тускам і чальцамі польскага ўрада.

«Беларускі бок забяспечыў прыём самалётаў, а таксама вылучыў неабходны транспарт (аўтобусы, мікрааўтобусы, легкавыя аўтамабілі) для іх праезду да месца крушэння самалёта ў Смаленскую вобласць. Было таксама арганізавана суправаджэнне машынамі ДАІ і хуткай дапамогі. Усе просьбы польскага боку былі здаволеныя ў поўным аб’ёме», — паінфармавалі ў прэс-службе Аляксандра Лукашэнкі.

Супрацоўнікі амбасады Польшчы ў Беларусі выказалі велізарную ўдзячнасць кіраўніку беларускай дзяржавы, а таксама кіраўніцтву Віцебскай вобласці за высокую арганізацыю працы па прыёме польскіх грамадзян. «Усё спрацавалі вельмі выразна, арганізавана і хутка, за што мы шчыра ўдзячныя», — адзначылі ў польскім дыппрадстаўніцтве.

Как вам новость?
Головоломки