У Беларусі пабіты чарговы тэмпературны рэкорд

16.11.2010 11:29
Архив Редакция

У панядзелак, 15 лістапада, у Мінску быў пабіты чарговы тэмпературны рэкорд. Сіноптыкі зафіксавалі тэмпературу ў +13,3°С (ранейшы рэкорд 2000 года складаў +11,7°С). Адхіленне сярэднесуткавай тэмпературы ад нормы склала амаль +9°С. Рэкорд месяца для Мінску складае +16°С (зафіксаваны 1 лістапада 1926 г.).

Па рэспубліцы цяплей за ўсё ў панядзелак было ў Лельчыцах — 18,5°С. Гэта новы рэкорд дня не толькі раённага цэнтра, але і ўсёй краіны, перадае БелаПАН.

Цёплае надвор’е, што ўсталявалася ў апошнія дні ў Беларусі, паводле прагнозаў сіноптыкаў, захаваецца да пятніцы. У аўторак, 16 лістапада, дзённая тэмпература складзе +5 — +11°С, праз малаактыўны атмасферны фронт з паўночнага захаду павялічыцца воблачнасць, месцамі пройдуць слабыя дажджы. На паўднёвым усходзе краіны паветра прагрэецца да +14°С.

У наступныя двое сутак, 17-18 лістапада, над усёй тэрыторыяй краіны будзе заставацца атмасферны фронт, і надвор’е практычна не зменіцца, паведамілі ў Гідраметцэнтры. Захаваецца цёплае пахмурнае надвор’е. Па-ранейшаму па ўсёй Беларусі чакаюцца туманы і імжа. Тэмпература паветра ўначы ад +1°С па поўначы да +8°С па поўдні краіны, днём +4 — +10°С, па паўднёвым усходзе да +13°С.

Как вам новость?