У Беларусі пабудуюць завод ліставога пракату за амаль мільярд еўра

19.07.2010 12:38
Архив Редакция

У Беларусі плануюць пабудаваць завод ліставога пракату коштам да 900 млн. еўра. На яго будаўніцтва прэтэндуюць кампаніі з Расіі і Італіі, паведаміў генеральны дырэктар Беларускага металургічнага завода Анатоль Савянок. Конкурс па выбары інвестара для будаўніцтва новага завода ўжо правялі, на сённяшні момант адабралі трох прэтэндэнтаў.

«Цяпер мы ўдакладнілі пазіцыю, і да пачатку кастрычніка павінны быць атрыманы канкрэтныя, з выкладкамі, прапановы гэтых патэнцыйных кліентаў», — расказаў гендырэктар БМЗ.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што асноўныя патрабаванні, якія прад’яўляюцца да патэнцыйнага партнёра — гэта «прамыя інвестыцыі, але на парытэтных асновах, наяўнасць сыравіннай базы — адзін з асноўных фактараў, і дапамога з экспартнымі пастаўкамі на першых этапах функцыянавання СП», паведамляе ПРАЙМ-ТАСС.

Назвы кампаніяў — патэнцыйных інвестараў пакуль не агалошваюць. «Гэта будзе сумеснае прадпрыемства, ёсць прапановы з Расійскай Федэрацыі, ёсць прапанова з Італіі. Калі будзе выбраны партнёр, мы абвесцім назву кампаніі», — заявіў Анатоль Савянок.

Меркаваны аб’ём інвестыцыяў у вытворчасць складзе да 900 млн. еўра. Каля 400 млн. даляраў выдаткуюць на закупку абсталявання, астатнія грошы пойдуць на развіццё інфраструктры: будаўніцтва чыгункі, дадатковага электрасілкавання, ачышчальных збудаванняў, забеспячэнне тэхнічнай і дэмінералізаванай вадой.

Плануецца, што гадавы выпуск гарачакатанага ліста на новым прадпрыемстве складзе каля 600 тыс. тон. «Асноўныя рынкі: да 400 тыс. тон — гэта ўнутранае спажыванне ў Беларусі і 200 тыс. тон — выхад на экспарт пры ухваленні інвестарамі. Разглядаем магчымасць давядзення аб’ёму вытворчасці другім этапам да аднаго мільёна тон», — распавёў Анатоль Савянок.

Как вам новость?
Головоломки