У Беларусі пачалася рэгістрацыя абітурыентаў на цэнтралізаванае тэставанне

03.05.2010 11:56
Архив Редакция

У Беларусі пачалася рэгістрацыя абітурыентаў на цэнтралізаванае тэставанне. Яна пройдзе ў пунктах рэгістрацыі з трэцяга траўня па першае чэрвеня. Зарэгістравацца можна з 8.00 да 20.00., уключаючы суботнія дні 15, 22, 29 траўня.

Для рэгістрацыі неабходна падаць заяву, дакумент аб занясенні платы за прыём і афармленне дакументаў (дзесяць тысяч рублёў за адзін навучальны прадмет) і прад’явіць пашпарт або від на жыхарства ў Беларусі, паведамляюць Белорусские новости. Пры гэтым плата за прыём і афармленне дакументаў павінна быць занесена на рахунак менавіта тых устаноў адукацыі, у якіх абітурыент будзе праходзіць тэставанне.

Паводле правілаў паступлення, кожны абітурыент мае права зарэгістравацца на цэнтралізаванае тэставанне не больш чым па трох навучальных прадметах: па беларускай ці рускай мове (на выбар) і па двух прадметах у адпаведнасці з профілем спецыяльнасці. У выпадку, калі з якіх-небудзь прычынаў абітурыент пажадае памяняць рашэнне аб праходжанні тэставання па прадмеце, ён можа да заканчэння тэрміну рэгістрацыі здаць пропуск або абмяняць яго на пропуск па іншым навучальным прадмеце.

Цэнтралізаванае тэставанне ў Беларусі стартуе 14 чэрвеня. Традыцыйна першым іспытам стане тэст па беларускай мове. Для абітурыентаў, якія не прынялі ўдзел у цэнтралізаваным тэставанні па ўважлівай прычыне ў асноўны дзень, у якасці рэзервовага дня вызначана пятага ліпеня 2010 года. Для гэтага неабходна папярэдне перарэгістравацца з 25 чэрвеня па 2 ліпеня ў адным з наступных пунктаў: Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт, Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны універсітэт, Гомельскі дзяржаўны тэхнічны універсітэт імя П.Сухога, Гарадзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы, Беларуска-Расійскі універсітэт, Беларускі дзяржаўны універсітэт. Месцам жа правядзення цэнтралізаванага тэставання па ўсіх навучальных прадметах у рэзервовы дзень стане Беларускі дзяржаўны універсітэт.

Нагадаем, што летась няяўка абітурыентаў на іспыты склала каля 2-3% з 175 тыс. зарэгістраваных на цэнтралізаванае тэставанне.

Как вам новость?
Головоломки