У Беларусі пачалася рэгістрацыя кандыдатаў у прэзідэнты

15.11.2010 09:02
Архив Редакция

У Беларусі пачаўся новы этап выбарчай кампаніі — рэгістрацыя кандыдатаў у прэзідэнты, якая пройдзе з 14 па 23 лістапада. Дакументы на рэгістрацыю ў Цэнтрвыбаркам перадалі ўсе 11 прэтэндэнтаў на пасаду кіраўніка дзяржавы. Гэтыя дакументы ўключаюць заяву аб згодзе балатавацца кандыдатам у прэзідэнты, анкету з біяграфічнымі дадзенымі і дэкларацыю аб даходах і маёмасці.

«Прэтэндэнты на пасаду кіраўніка дзяржавы, якія сабралі больш за 100 тыс. подпісаў, з высокай доляй верагоднасці будуць зарэгістраваныя кандыдатамі ў прэзідэнты», — сказаў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік, перадае БелаПАН.

Па словах прадстаўніка ЦВК, падчас папярэдніх выбарчых кампаніяў быў «даволі жорсткі падыход да этапу рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты». «Раней нават драбнюткія недакладнасці ў пададзеных дакументах маглі стаць падставай для адмовы ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты», — падкрэсліў Мікалай Лазавік.

Сакратар ЦВК адзначыў, што недакладныя біяграфічныя дадзеныя не будуць з’яўляцца падставай для адмовы ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты. Акрамя таго, прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта мае права на памылку пры падачы дэкларацыі аб даходах. У прыватнасці, памылка будзе лічыцца неістотнай, калі сума даходаў, паведамленая ЦВК, будзе адрознівацца ад рэальнай, пацверджанай дадзенымі дзяржорганаў, менш чым на 20%.

Як раней паведамляў Тэлеграф, дакументы ў ЦВК падалі намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік саюза «За мадэрнізацыю» Алесь Міхалевіч, лідар грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў, намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук, сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі, лідар кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, кіраўнік аргкамітэту па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалай Статкевіч, эканаміст Віктар Цярэшчанка, дырэктар прадпрыемства «Трывіум» Дзмітры Ус.

Свае дакументы на рэгістрацыю падаў таксама індывідуальны прадпрымальнік з Віцебску Уладзімір Правальскі. Аднак, як раней заяўляў Мікалай Лазавік, у Правальскага няма шанцаў быць зарэгістраваным кандыдатам у прэзідэнты, бо ў яго падтрымку не сабрана неабходная колькасць подпісаў.

Как вам новость?
Головоломки