У Беларусі пачалася ўступная кампанія-2010

05.03.2010 15:47
Архив Редакция

Пятага сакавіка ў Беларусі стартавала ўступная кампанія 2010 году. Кансультант аддзела вышэйшай адукацыі мінадукацыі Марыя Карпенка паведаміла, што ў гэты дзень у рэспубліцы пачалася рэгістрацыя на прафесійна-псіхалагічную гутарку. Працягнецца рэгістрацыя да 31 сакавіка ўлучна.

 

Марыя Карпенка нагадала, што прафесійна-псіхалагічную гутарку неабходна папярэдне прайсці пры паступленні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы на спецыяльнасці «дзяржаўнае кіраванне», «дзяржаўнае кіраванне і права», «дзяржаўнае кіраванне і эканоміка», «міжнародныя адносіны», «міжнароднае права», «правазнаўства», «эканамічнае права», «журналістыка» (у тым ліку, калі яна з’яўляецца дадатковай спецыяльнасцю), «міжнародная журналістыка», «мытная справа».

Другі этап уступнай кампаніі — цэнтралізаванае тэставанне. У 2010 годзе ў Мінску і абласных цэнтрах плануюць увесці аўтаматызаваную сістэму рэгістрацыі на ЦТ. Першы этап укаранення інфармацыйнай сістэмы «Агульнарэспубліканскі банк дадзеных удзельнікаў цэнтралізаванага тэставання» ахопіць пункты тэставання Мінска і абласных цэнтраў, паведамляе БелТА.

У адпаведнасці з графікам правядзення цэнтралізаванага тэставання, першае выпрабаванне — па беларускай мове — адбудзецца 14 чэрвеня. 15 чэрвеня абітурыенты змогуць здаць рускую мову, 17 чэрвеня — гісторыю Беларусі, 18 чэрвеня — геаграфію, 20 чэрвеня — матэматыку, 22 чэрвеня — грамадазнаўства, 24 чэрвеня — Сусветную гісторыю найноўшага часу, 25 чэрвеня — фізіку, 27 чэрвеня — біялогію, 29 чэрвеня — замежныя мовы, 30 чэрвеня — хімію.

У міністэрстве адукацыі вылучылі рэзервовы дзень для тых, хто не змог па аб’ектыўных прычынах прыбыць на цэнтралізаванае тэставанне па графіку. Гэта будзе пятага ліпеня.

У міністэрстве падкрэслілі, што плату за правядзенне цэнтралізаванага тэставання неабходна будзе аформіць на рахунак таго Вну, дзе абітурыент будзе здаваць тэст.

Пунктамі рэгістрацыі на ЦТ вызначаны не ўсе 53 Вну Беларусі, а толькі некалькі дзясяткаў, але праводзіцца выпрабаванні будуць у розных навучальных установах — там, дзе дазваляюць плошчы.
 

Как вам новость?