У Беларусі пачынаецца сезон летніх зорападаў

19.07.2010 11:34
Архив Редакция

Сезон летніх зорападаў пачынаецца ў Беларусі, паведаміў дырэктар абсерваторыі БДУ Альгерд Кузьнечык. Па словах спецыяліста, "зорны" перыяд адкрые метэорны паток Персеіды, які працягнецца па 24 жніўня. Гэта найбольш значны і відовішчны метэорны дождж года. За гадзіну на бясхмарным небе можна ўбачыць да 100 яркіх метэарытаў.

Гэты паток штогод з’яўляецца з боку сузор’я Персея. Утвараецца ў выніку праходжання Зямлёй праз шлейф пылевых часцінак, выпушчаных каметай Свіфт-Тутля. Драбнюткія часцінкі, памерам з пясчынку, згараюць у зямной атмасферы, утвараючы зорны дождж. Спачатку ён праліваецца з вялікай сілай, затым паступова слабее, перадае БелТА.

Таксама з 21 ліпеня па 30 жніўня будзе назірацца яшчэ адзін зорапад — дэльта-Акварыды. Ён прынясе на Зямлю да 20 метэарытаў на гадзіну.

Самымі зорнымі будуць ночы 30 ліпеня (максімум дэльта-Акварыд) і 12-13 жніўня (пік Персеід).

Па словах дырэктара абсерваторыі БДУ, у добрае надвор’е яны падораць беларусам масу магчымасцяў злавіць удачу за хвост і загадаць жаданне. Назіраць сполахі палаючых метэарытаў можна нават няўзброеным вокам. Для лепшай бачнасці астраномы раяць выйсці на адкрытае месца, падалей ад гарадскіх агнёў і ілюмінацыі — тады ўбачыш вогненную феерыю ва ўсёй красе.

Наступны сезон касмічных дажджоў, як распавёў эксперт, адкрыецца для жыхароў Беларусі ў кастрычніку, але такога, як у жніўні, не будзе. Жнівень — самы зорны месяц у годзе. Увосень можна паназіраць патокі Арыяніды (максімум 22 кастрычніка — каля 15 метэарытаў на гадзіну), Леаніды (максімум 17-18 лістапада — 15 метэарытаў на гадзіну), зімой — Гемініды (максімум 13-14 снежня — каля 50 метэарытаў на гадзіну).

Как вам новость?
Головоломки