У Беларусі пашыраць магчымасці для перавыхавання цяжкіх падлеткаў

05.08.2010 14:43
Архив Редакция

У Беларусі распрацавалі законапраект "Аб унясенні зменаў і дапаўненняў у закон Рэспублікі Беларусь "Аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх". Паводле дадзенага дакумента, пералік катэгорыяў падлеткаў, якіх варта накіроўваць ў спецыяльныя вучэбна-выхаваўчыя i лячэбна-выхаваўчыя ўстановы, будзе пашыраны.

На перавыхаванне адправяць цяжкіх падлеткаў, якія на працягу года здзяйснялі адміністрацыйныя правапарушэнні тры і больш разоў. Да падобных правапарушэнняў прылічылі наўмыснае прычыненне целавага пашкоджання, знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці, дробнае хуліганства ці крадзеж, заведама ілжывае паведамленне, распіванне алкагольных, слабаалкагольных напояў ці піва, з’яўленне ў грамадскім месцы ў п’яным выглядзе, занятак прастытуцыяй, кіраванне транспартам у стане ап’янення або без пасведчання кіроўцы, перадае БелТА.

У спецустановы адправяцца падлеткі, якія хварэюць на хранічны алкагалізм, наркаманію або таксікаманію. Таксама перавыхоўваць будуць тых, хто пасля праведзенага лячэння ў дзяржаўных медустановах быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за здзяйсненне правапарушэння ў стане алкагольнага ап’янення або пад уздзеяннем наркотыкаў, псіхатропных, таксічных або іншых адурманьвальных рэчываў.

Ваньковіч: у спецустановах падлеткаў удасца вярнуць у «законапаслухмянае рэчышча«

Па словах намесніка старшыні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы Анатоля Ваньковіча, неабходнасць пашырыць пералік катэгорыяў выклікана крымінагеннай абстаноўкай у падлеткавым асяроддзі. Напрыклад, па выніках мінулага года кожны чацверты падлетак на момант здзяйснення злачынства знаходзіўся ў стане алкагольнага ап’янення. Падлеткі пачалі часцей парушаць ПДР (на 16,6%). Больш чым напалову павялічылася колькасць непаўналетніх, прыцягнутых да адміністрацыйнай адказнасці за кіраванне транспартам у стане ап’янення або без пасведчання. Аднак у цэлым падлеткавая злачыннасць знізілася ў 2009 годзе амаль на 15%.

Аналіз структуры злачынстваў паказаў, што часта падлеткі, якія больш за тры разы на год здзяйсняюць адміністрацыйныя правапарушэнні, пасля «прадпрымаюць» дзеянні, якія караюцца законам. Напрыклад, сярод 71 падлетка, прыцягнутых у мінулым годзе больш за пяць разоў да адміністрацыйнай адказнасці, амаль кожны другі (30 чалавек) адважыўся на крымінальнае злачынства.

«Ёсць надзея, што ва ўмовах спецустановаў, дзе з цяжкімі падлеткамі будуць займацца прафесійныя псіхолагі, выхавальнікі, надаючы ім больш увагі і больш строга кантралюючы іх паводзіны, усё ж атрымаецца іх вярнуць у «законапаслухмянае рэчышча», — лічыць Анатоль Ваньковіч.

Как вам новость?