У Беларусі плануецца ліквідаваць мінгандлю і мінЖКГ

16.02.2011 17:02
Архив Редакция

Урад Беларусі не выключае магчымасці расфармавання міністэрства гандлю і міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Пра гэта 16 лютага паведаміў першы віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка. Па словах намесніка кіраўніка ўрада, мінгандлю пад пытаннем, а мінЖКГ сябе зжыло.

«Гаворка ідзе пра тое, каб гэтае міністэрства ліквідаваць і на правах дэпартаменту гэтую функцыю перадаць мінбудархітэктуры, а функцыі па цеплазабеспячэнні, энергазабеспячэнні перадаць мінэнерга», — цытуе Уладзіміра Сямашку БелТА.

Першы віцэ-прэм’ер таксама праінфармаваў, што рэформы не закрануць міністэрства па падатках і зборах. «Як без МПЗ жыць? Ні адна краіна не можа жыць без гэтага міністэрства», — канстатаваў Уладзімір Сямашка.

У Беларусі плануецца стварыць дзяржаўную жыллёва-камунальную інспекцыю

Між тым, як распавёў намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Анатоль Калінін, у краіне плануецца стварыць дзяржаўную жыллёва-камунальную інспекцыю.
 
Выступаючы на пашыраным пасяджэнні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Анатоль Калінін растлумачыў неабходнасць з’яўлення ў Беларусі такой інспекцыі тым, што «ў апошнія гады ўзрастае незадаволенасць грамадзян працай арганізацый жыллёва-камунальнай гаспадаркі».

«Штогод колькасць зваротаў грамадзян, якія датычацца недахопаў працы сістэмы ЖКГ, у Адміністрацыю прэзідэнта павялічваецца на 30%, — канстатаваў намеснік прэм’ер-міністра. — Адкуль такая незадаволенасць і нарастанне крытычнай масы ў грамадстве? Прычыны дзве. Першая — недахоп сродкаў на своечасовае правядзенне капрамонту (адстаем на 30-40% і больш па асобных гарадах), другая — не прывыклі ўспрымаць праблему зваротаў як сур’ёзную сітуацыю».

Пры гэтым Анатоль Калінін адзначыў, што праблему незадаволенасці грамадзян працай арганізацый ЖКГ не вырашыў і прыняты ў 2008 годзе закон аб абароне правоў спажыўцоў паслуг ЖКГ. «Гэты закон не працуе, за час яго дзеяння ніхто не звярнуўся ў суд з іскам да арганізацый ЖКГ, не было ніводнага звароту ў судовыя інстанцыі, хаця колькасць скаргаў пастаянна расце», — падкрэсліў віцэ-прэм’ер.

Калінін: інспектары дапамогуць грамадзянам абараніць іх законныя інтарэсы

У сувязі з гэтым урад прапануе на базе дэпартаменту па будаўніцтве і наглядзе ў сферы будаўніцтва стварыць дзяржаўную жыллёва-камунальную інспекцыю і надзяліць яе паўнамоцтвамі па ажыццяўленні нагляду за эксплуатацыяй жылога фонду, сказаў Анатоль Калінін.

Па яго словах, з боку ўрада прапануецца абавязаць інспектараў, якіх у цяперашні час налічваецца каля 300 чалавек, складаць дакументы, якія дазволяць грамадзянам прыйсці да пастаўшчыкоў паслуг і запатрабаваць пераразлік за неаказаныя паслугі.

«Сёння існуе і недастатковы падагрэў вады, і дах часам цячэ, але каб падаць іск у суд, трэба як мінімум мець акт, а яго складаюць жыллёва-камунальныя арганізацыі. Адсутнасць комплексу ўсіх дакументаў не дазваляе грамадзянам звярнуцца ў суд», — сказаў Анатоль Калінін, дадаўшы, што «інспектары дапамогуць грамадзянам абараніць іх законныя інтарэсы».

Пры гэтым віцэ-прэм’ер перакананы, што адказнасць за якасць аказання паслуг ЖКГ неабходна перакласці на мясцовыя органы ўлады, інакш гэтая праблема будзе востра ўзрастаць пры значным павышэнні тарыфаў на ЖКП.

Уладальнікі дамоў павышанай камфортнасці пакуль не будуць плаціць па павышаных тарыфах за ЖКП

Акрамя таго, Анатоль Калінін паведаміў, што ўрад Беларусі прыпыніў дзеянне пастановы аб павышанай аплаце паслуг ЖКГ для уладальнікаў дамоў падвышанай камфортнасці.

Як растлумачыў віцэ-прэм’ер, адказваючы на пытанні дэпутатаў, у сувязі з прыняццем пастановы аб увядзенні павышаных тарыфаў на паслугі ЖКГ для уладальнікаў дамоў павышанай камфортнасці (жылой плошчай больш за 200 кв.м) у сітуацыі, калі паслугі ЖКГ трэба аплочваць па больш высокіх тарыфах, апынуліся многія сацыяльна не абароненыя катэгорыі грамадзян. Напрыклад, ураду вядома пра больш чым 600 такіх дамоў, дзе пражываюць ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і працы, шматдзетныя сем’і, іншыя сацыяльна не абароненыя катэгорыі, распавёў Анатоль Калінін.

У сувязі з гэтым, прынята рашэнне прыпыніць дзеянне раней прынятай пастановы «да распрацоўкі адпаведнага механізму», адзначыў віцэ-прэм’ер.
Ён растлумачыў, што ўрад прапаноўвае ў хуткай будучыні ўвесці двухузроўневыя тарыфы, якія складаюцца з пастаяннай і пераменнай часткі. «У першую будзе ўваходзіць плата за нарматыўнае спажыванне і доступ да паслуг, у другую — аплата за звышнарматыўнае спажыванне паслуг і камфортнасць», — сказаў Анатоль Калінін.

Віцэ-прэм’ер запэўніў, што будучую сістэму аплаты абавязкова абмяркуюць з дэпутатамі. «У першым набліжэнні намі разглядаецца градацыя жылля плошчай 300 кв.м і больш, каб выключыць сацыяльную катэгорыю грамадзян», — удакладніў ён.

Анатоль Калінін нагадаў, што да канца пяцігодкі ўзровень кампенсацыі выдаткаў на паслугі ЖКГ з боку насельніцтва павялічацца да 60%, а на паслугі натуральных манаполіяў дасягне ўзроўню сабекошту (гэта тычыцца цепла-, энерга-, газазабеспячэння, а таксама водазабеспячэння і водаадвядзення).

Как вам новость?
Головоломки