У Беларусі плануюць адкрыць адукацыйны цэнтр для ІТ-спецыялістаў

16.11.2010 11:09
Архив Редакция

У студзені 2011 года ў Беларусі плануецца адкрыць Беларуска-індыйскі адукацыйны цэнтр па падрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі ІТ-спецыялістаў кампаній парку высокіх тэхналогій. Пра гэта на сустрэчы з прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнка 15 лістапада паведаміў дырэктар адміністрацыі парку Валеры Цапкала.

Па словах Валерыя Цапкалы, у новым цэнтры змогуць таксама атрымліваць адукацыю выкладчыкі профільных тэхнічных ВНУ, мэнэджары ў ІТ-сферы. У пачатку лістапада быў зарэгістраваны іншы адукацыйны цэнтр парку высокіх тэхналогій (ПВТ), дзе будуць навучаць людзей, якія жадаюць прыйсці на працу ў ПВТ, перадае БелТА.

Кіраўнік адміністрацыі парку перакананы, што асноўным метадам развіцця парку высокіх тэхналогій з’яўляецца яго ўзаемадзеянне з сістэмай адукацыі і яе ўдасканаленне. Сістэма адукацыі, на думку прадстаўніка ПВТ, павінна падладжвацца пад патрэбы нацыянальнай эканомікі, асабліва яе высокатэхналагічных сектараў.

Валеры Цапкала даклаў кіраўніку дзяржавы, што ў студзені-верасні 2010 года выручка ад рэалізацыі праграмнага забеспячэння беларускага парку высокіх тэхналогій вырасла на 40% у параўнанні з аналагічным перыядам 2009 года.

Па словах кіраўніка парку, каля 80% прадукцыі ПВТ накіроўваецца на экспарт. Сёння парк экспартуе камп’ютарных праграмаў у 12 разоў больш, чым уся краіна ў 2005 годзе. Валеры Цапкала адзначыў, што на адрозненне ад іншых краін СНД і Цэнтральна-Усходняй Еўропы, у Беларусі была створана самастойная, незалежная, высокатэхналагічная індустрыя распрацоўкі камп’ютарных праграмаў, якая здольная заняць годнае месца ў сусветным падзеле працы.

Акрамя таго Валеры Цапкала паведаміў, што колькасць працоўных месцаў парку высокіх тэхналогій таксама пастаянна расце. Так, за дзевяць месяцаў было створана больш за 800 працоўных месцаў для высокакваліфікаванага інжынернага персаналу.

Как вам новость?