У Беларусі плануюць ліквідаваць ЖЭСы

21.02.2011 12:55
Архив Редакция

Паводле канцэпцыі развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі, плануецца, што 100% жыллёвага фонду краіны да 2015 года будзе абслугоўвацца на конкурснай аснове. Плануецца, што займацца тэхнічным абслугоўваннем жылфонду будуць не дзейныя сёння жыллёва-эксплуатацыйныя службы (ЖЭС), а пераважна прыватныя арганізацыі з пераважнай формай кіравання шматкватэрнымі жылымі дамамі — таварыствамі.

У 2011 годзе міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі ў якасці эксперыменту плануе правесці конкурсы па тэхнічным абслугоўванні жыллёвага фонду. Як растлумачыў міністр ЖКГ Уладзімір Белахвостаў, падобны эксперымент плануецца правесці ў некалькіх гарадах кожнай вобласці краіны і ў некалькіх раёнах Мінску, перадае БелТА.

Уладзімір Белахвостаў падкрэсліў, што эксперымент накіраваны на паляпшэнне абслугоўвання жылога фонду, а таксама на зніжэнне выдаткаў на абслугоўванне. Па словах міністра ЖКГ, гэтага немагчыма дасягнуць без стварэння канкурэнцыі ў гэтай сферы.

Уладзімір Белахвостаў растлумачыў, што калі па асобных кірунках (капітальны рамонт, замена ліфтаў і іншае) ужо ўкаранёны тэндарныя таргі, конкурсы, то сфера тэхабслугоўвання па-ранейшаму застаецца не задзейнічаная.

Кіраўнік міністэрства ЖКГ паведаміў, што нарматыўна-прававая база для правядзення конкурсаў у сферы тэхабслугоўвання ўжо гатовая. Аналагічным чынам, на думку міністра, неабходна ўкараняць прынцыпы прыватна-дзяржаўнага партнёрства па зборы, вывазу цвёрдых камунальных адкідаў і другасных матэрыяльных рэсурсаў.

Как вам новость?
Головоломки