У Беларусі прайшлі акцыі супраць павышэння коштаў на паліва

25.05.2011 12:06
Архив Редакция

Менскія аўтааматары 24 траўня па ініцыятыве грамадзянскай кампаніі "За Аўто" правялі акцыю "Стоп бензін" супраць павышэння цэнаў на паліва. Сабраўшыся каля супермаркета Prostore па вул. Убарэвіча, 176, у мікрараёне Чыжоўка прыкладна 100 аўтааматараў накіраваліся калонай на малой хуткасці, з уключанымі аварыйнымі агнямі і гукавымі сігналамі па МКАД у напрамку мікрараёна Малінаўка.

Супрацоўнікі ДАІ спынялі многія машыны удзельнікаў акцыі, цікавіліся дакументамі кіроўцаў, патрабавалі зняць са шкла аўто налепкі супраць павышэння коштаў на паліва. У выніку да паркоўкі ля супермаркета Prostore ў Малінаўцы даехала 50-60 аўтамабіляў. Удзельнікі акцыі абмеркавалі сітуацыю з коштамі на паліва і іншыя праблемы ў краіне, перадае БелаПАН.

Супрацоўнікі міліцыі ў тое, што адбываецца не ўмешваліся. Каля 20:30 акцыя скончылася.

Акцыя супраць павышэння цэнаў на паліва прайшла і ў Берасці

У ёй удзельнічала каля 100 чалавек, уключаючы членаў аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай партыі левых «Справядлівы свет».

Аўтамабілісты, сабраўшыся ля ўваходу ў мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой», праехалі калонай па цэнтральных вуліцах горада да спартыўнага комплексу «Вікторыя». «Практычна на ўсіх машынах былі лагатыпы акцыі, таму іншыя вадзіцелі, якія ехалі па гэтых вуліцах, сігналілі нам, выказваючы сваю салідарнасць», — паведаміў адзін з каардынатараў акцыі, сябра аргкамітэта БХД Дзмтры Шурхай.

Паводле яго слоў, невядомыя людзі ў цывільным вялі відэаздымку таго, што адбываецца з легкавога аўтамабіля, нікога з удзельнікаў акцыі не затрымалі. «Я лічу, нам удалося дасягнуць адной з галоўных мэт акцыі: паказаць, што ёсць берасцейцы, якія не баяцца публічна выступаць супраць чарговага падаражэння аўтамабільнага паліва», — адзначыў Дзмітры Шурхай.

Как вам новость?
Головоломки