У Беларусі прайшло ЦТ па замежных мовах

29.06.2011 14:59
Архив

У аўторак, 28 чэрвеня, беларускія абітурыенты прайшлі цэнтралізаванае тэставанне па замежных мовах. Усяго на яго прыйшло каля 37,5 тыс чалавек. Англійскую мову планавалі здаваць 29 968 абітурыентаў, нямецкую - 5 645 чалавек, французскую - 1 440, гішпанскую - 346 абітурыентаў.

Як адзначыў кіраўнік Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў (РІКВ) Мікалай Фяськоў, ЦТ па замежных мовах мае свае асаблівасці, аднак усе абітурыенты, якія прайшлі рэпетыцыйныя ЦТ, знаёмыя з формай правядзення гэтага іспыту. Навыкі запаўнення бланкаў адказаў па замежных мовах можна было атрымаць таксама на дадатковых занятках у вучэбных установах.

Выпрабаванне доўжыцца 120 хвілін, за якія абітурыенту прапануецца выканаць 60 заданняў.

Фяськоў: у Беларусі не паўторацца расійскія скандалы на тэставанні

Мікалай Фяськоў таксама заявіў 28 чэрвеня, што ў Беларусі немагчымы паўтор расійскіх скандалаў на здачы адзінага дзяржэкзамена (аналага беларускага ЦТ), якія здарыліся ў гэтым годзе, калі ў адных выпадках канверты з заданнямі ўскрывалі напярэдадні дня АДЭ, у іншых — абітурыенты выходзілі для пошукаў адказаў у інтэрнэт праз мабільныя тэлефоны, у трэціх — на АДЭ замест школьнікаў прыходзілі студэнты вядучых ВНУ.

Кіраўнік РІКВ падкрэсліў, што пазбегнуць падобных выпадкаў Беларусі дазваляе сістэма кантролю, які ажыццяўляецца значна больш дбайна, чым у суседняй краіне.

Вынікі ЦТ можна даведацца ў інтэрнэце на сайце РІКВ

Пра вынікі цэнтралізаванага тэставання беларускія абітурыенты могуць дазнацца на сайце РІКВ, дзе яны з’яўляюцца па вызначаным папярэдне графіку.

Для гэтага трэба зайсці на спецыяльную старонку сайта РІКВ, увесці ў адведзеныя палі серыю і нумар пашпарта, нумар свайго бланка з адказамі і ўказаць патрэбны прадмет.