У Беларусі растуць праблемныя даўгі па крэдытах

17.08.2010 15:01
Архив Редакция

У Беларусі праблемная запазычанасць насельніцтва па крэдытах у нацыянальнай валюце на 1 жніўня 2010 года дасягнула 29,5 млрд. рублёў. Дадзены паказчык павялічыўся з пачатку года на 23,9%, у тым ліку на 0,3% за ліпень. Пратэрмінаваныя даўгі беларусаў па валютных пазыках узраслі з пачатку года на 15,8% (1,1% за ліпень) і склалі 28,6 млн. даляраў.

Пры гэтым аб’ём крэдытавання насельніцтва ў беларускіх рублях павялічыўся на 27,2% за студзень-ліпень 2010 года, у тым ліку на 4,1% за ліпень. На 1 жніўня гэты паказчык склаў 16,5 трлн. рублёў, паведамляе АФН.

Рэшта ж валютнай запазычанасці насельніцтва перад банкамі знізілася да 809,3 млн. даляраў, што на 23,3% менш, чым на пачатак года. Скарачэнне тлумачыцца заканадаўчай забаронай крэдытавання фізасобаў у замежнай валюце, якая дзейнічае з ліпеня 2009 года.

Як паведамлялася раней, у 2009 годзе запазычанасць па крэдытах у нацвалюце павялічылася на 38,6% да 12,9 трлн. рублёў. Праблемныя даўгі выраслі ў 1,7 раза да 23,8 млрд. рублёў. Па крэдытах у замежнай валюце запазычанасць насельніцтва знізілася на 28,7% да 1,05 млрд. даляраў, праблемная — вырасла ў 5,5 раза да 24,7 млн. даляраў.

Пратэрмінаваныя даўгі беларускіх прадпрыемстваў дасягнулі 1,1 трлн. рублёў

Пратэрмінаваная запазычанасць беларускіх прадпрыемстваў па крэдытах і пазыках на 1 ліпеня 2010 года склала 1,095 трлн. рублёў. Доўг павялічыўся з пачатку года на 21,3%, у тым ліку на 2,4% за чэрвень. Асноўная сума пратэрмінаванай запазычанасці прыходзіцца на долю сельскай гаспадаркі і прадпрыемстваў прамысловасці.

У прыватнасці, пратэрмінаваная запазычанасць па крэдытах і пазыках сельгасарганізацый павялічылася з пачатку года на 43,6% і дасягнула 477,2 млрд. рублёў. Пратэрмінаваныя крэдыты прадпрыемстваў прамысловасці склалі 477 млрд., што на 12,5% больш чым на пачатку года.

Пратэрмінаваныя даўгі прадпрыемстваў сферы матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння і збыту склалі 81,2 млрд. рублёў, гандлю і грамадскае харчаванне — 13,9 млрд., жыллёва-камунальнай гаспадаркі — 4,6 млрд., транспарту — 4,4 млрд., будаўніцтва — 2,6 млрд.

У цэлым аб’ём выдадзеных крэдытаў і пазык беларускай эканоміцы павялічыўся на 8% з пачатку года, у тым ліку на 1,4% за чэрвень. На 1 ліпеня 2010 года гэты паказчык склаў 62,9 трлн. рублёў.

Как вам новость?
Головоломки