У Беларусі растуць запасы нерэалізаванай прадукцыі

21.02.2011 09:32
Архив Редакция

Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі, у студзені 2011 года аб'ёмы сярэднямесячнай вытворчасці некаторых відаў прадукцыі машынабудаўнічай галіны ў некалькі разоў былі меншыя за запасы гэтай прадукцыі. У фармацэўтычнай жа галіне запасы гатовай прадукцыі склалі 146,4% ад сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці (109,9 млрд. рублёў).

Запасы падшыпнікаў качэння ў студзені склалі 937 тыс. штук (234,8% да сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці), збожжаўборачных камбайнаў — 248 штук (213,8%), трактарных касілак — 453 штук (227,6%). Дрэваапрацоўчых станкоў на складах больш за сярэднямесячныя аб’ёмы вытворчасці ў 7,5 раза (6,8 тыс. штук), ЗВЧ-печаў — у 4,3 раза (110,3 тыс. штук).

У цэлым за студзень 2011 года аб’ём вытворчасці ў машынабудаванні вырас на 7,1% да 170,2 млрд. рублёў. Вежавых кранаў вырабілі больш на 9,1% (12 штук)), бытавых халадзільнікаў і маразільнікаў — на 9,2% (95,4 тыс. штук), ліфтаў — на 11,5% (493 штук), пральных машынаў — на 24,1% (24,4 тыс. штук, падшыпнікаў качэння — на 24,7% (399 тыс. штук), металарэзных станкоў — на 39,3% (457 штук), збожжаўборачных камбайнаў — на 81,3% (116 штук). У 2,5 разы (245 штук) вырасла вытворчасць пагрузчыкаў.

Разам з тым на 0,3% (4,6 тыс. штук) выпусцілі менш трактароў, на 1,9% (25,4 тыс. штук) — ЗВЧ-печаў, на 3,5% (137 штук) — машын для ўнясення ў глебу мінеральных угнаенняў і вапны, на 73,7% (910 штук) — дрэваапрацоўчых станкоў.

За гэты ж перыяд вытворчасць лекавых сродкаў узрасла на 7,2% у параўнанні са студзенем 2010 года да 100,6 млрд. рублёў. У прыватнасці, прэпаратаў для лячэння сардэчна-судзістых захворванняў вырабілі больш на 51,5% (4,3 млн. упаковак), прэпаратаў для лячэння скурных захворванняў і іншых вонкавых лекаў — на 32,4% (2,9 млн. упаковак), прэпаратаў для лячэння захворванняў вачэй — на 13,9% (2 млн. ампул), болесуцішальных, гарачкапаніжальных і супрацьзапаленчых — на 3,7% (11,3 млн. упаковак).

Пры гэтым на 12,5% (2,2 млн. ампул) знізілася вытворчасць кровазамяняльнікаў і іншых плазмазамяняльных прэпаратаў, на 15,8% (4,2 млн. упаковак) — антыбіётыкаў, на 36,4% (2,5 млн. упаковак) — вітамінных прэпаратаў.

Как вам новость?